Вы тут

Лукашэнка прызначыў намеснікаў старшыні БТ і трох абласных кіраўнікоў міліцыі

Белтэлерадыёкампанія / medplast.by

30 красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі быў "кадравы дзень": ён праводзіў і ўзгадняў прызначэнні чыноўнікаў, паведамляе яго прэс-служба. 

Сярод іншага ён правёў перастаноўкі ў кіраўніцтве Белтэлерадыёкампаніі. Намесніка старшыні Сяргея Гусачэнку ён прызначыў на вакантнае месца першага намесніка старшыні.

Намеснікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі стаў Дзмітрый Прымшыц. Ён замяніў на гэтай пасадзе Вольгу Кананюк. Да свайго прызначэння на БТ Прымшыц працаваў намеснікам дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута эканомікі НАН Беларусі.

Таксама Лукашэнка памяняў кіраўніцтва міліцыі ў трох абласцях. 

Начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама стаў Аляксандр Астрэйка, які раней кіраваў міліцыяў Брэсцкай вобласці.

Брэсцкую абласную міліцыю ўзначаліў Алег Шулякоўскі. Ён займаў пасаду першага намесніка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама — начальніка крымінальнай міліцыі.

Кіраўніком гродзенскай абласной міліцыі стаў Дзмітрый Разянкоў, які перад тым быў першым намеснікам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама — начальнікам крымінальнай міліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.