Лукашэнка прыгразіў рэктарам ВНУ за ўдзел студэнтаў у пратэстах

Лукашэнка прыгразіў рэктарам ВНУ за ўдзел студэнтаў у пратэстах

На нарадзе па актуальных пытаннях 9 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра акцыі пратэсту. 

Найперш ён заклікаў звярнуць увагу на "нейтральную, але таксама актыўную частку нашага грамадства, якая знаходзіцца, калі можна так сказаць, паміж уладай і апазіцыяй". Па словах Лукашэнкі, якія перадае БЕЛТА, гэтым людзям "трэба даць выразны арыенцір далейшага развіцця грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі".

Міністэрства адукацыі ён раскрытыкаваў за актыўны ўдзел студэнтаў у пратэстах і прыгразіў звальненнем рэктарам універсітэтаў. "Паводзіны часткі студэнтаў паказвае іх, мякка кажучы, нядбайнае стаўленне да вышэйшай адукацыі. Гэта можа прывесці да страты яго каштоўнасці як значнай сацыяльнай прыступкі. Недапрацоўваюць рэктары ВНУ. У бліжэйшы час, на працягу тыдня, мы павінны вырашыць кадравую праблему па такіх ВНУ", — заявіў Лукашэнка.

Асобную ўвагу ён звярнуў на дзяржаўныя СМІ і запатрабаваў самым блізкім часам завяршыць фармаванне калектываў: "Кантроль у гэтым плане за Адміністрацыяй Прэзідэнта. Павінна застацца магутнае ядро, гатовае адстойваць той самы інфармацыйны суверэнітэт дакладна, філігранна, прыцэльна, а галоўнае — наступальна"

Лукашэнка лічыць, што "журналістыка павінна нарэшце перастаць быць "памяркоўнай", як гэта было ў нас прынята да цяперашніх часоў".

Акрамя таго кіраўнік дзяржавы абурыўся чыноўнікамі, якія яго не падтрымалі. "Мы ўжо занадта вольна сябе адчувалі ў падборы і прызначэнні кадраў. А потым некаторыя "пераабуліся". І "пераабуліся" ж тыя, каго мы вырасцілі на сваіх руках", — пераказвае БЕЛТА яго словы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі