Вы тут

Лукашэнка прапануе вазіць калій "мяшкамі" і дызель "бочкамі"

Аляксандр Лукашэнка / ТАСС

Аляксандр Лукашэнка сабраў сваіх чыноўнікаў, каб абмеркаваць, як будзе выжываць беларуская эканоміка ва ўмовах санкцый. На парадак дня вынесены праект закона "Аб удасканаленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь". БЕЛТА піша, што дакумент прадугледжвае ўвядзенне мытных і падатковых адтэрміновак, а таксама мараторыя на рост маёмасных падаткаў. Гэтыя меры будуць дзейнічаць да канца 2023 года.

Аднак Лукашэнку бянтэжыць, што ўсе гэтыя меры могуць унесці "істотныя змены ў дзейнае рэгуляванне асобных працэсаў". У прыватнасці, незразумела, "як гэта адаб'ецца на даходах бюджэту? Адпаведна, на заробках настаўнікаў, дактароў, выплаце пенсій і дзіцячых дапамог?"

Лукашэнка прызнаў, што беларускія прадпрыемствы адчулі эфект ад санкцый. Уведзеныя абмежаванні "закранулі ўсе этапы вытворчага працэсу: закупку сыравіны і матэрыялаў, транспарціроўку, разлікі, фінансы, крэдытную падтрымку, продаж на экспарт". І хоць цяжкасці — не падстава для панікі, "але і разлічваць, што сітуацыя сама па сабе рассмокчацца, не варта", заўважыў Лукашэнка. Ён запатрабаваў ад чыноўнікаў адпрацоўваць кожны кантракт уручную.

"Закон законам, але без таго, каб у гэтай сітуацыі вазіць калій "мяшкамі" або дызель "бочкамі", мы не абыдземся", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама чакае ініцыятывы і рашучасці ад мясцовай улады: "Хопіць чакаць указанняў з цэнтра". Лукашэнка запатрабаваў больш актыўна замацоўваць у раёнах людзей за кошт стварэння вытворчасцяў і пераразмеркавання рэсурсаў. Інакш, мяркуе Лукашэнка, можна праваліць усю эканамічную працу па краіне ў цэлым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.