Вы тут

Лукашэнка прапануе ўвесці значок дзяржаўнага службоўца як тэст на лаяльнасць

Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі / president.gov.by

Дзяржаўныя службоўцы павінныя вылучацца — напрыклад мець значок, кшталту дэпутацкага. Пра гэта на нарадзе 6 траўня заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён дадаў, што сам ніколі не здымаў дэпутацкі значок нават пасля распаду СССР, хаця гэта, нібыта, было і небяспечна: маглі падысці на вуліцы. 

Насамрэч Лукашэнка пасля распаду СССР і змены сімволікі працягваў насіць савецкі дэпутацкі значок, ігнаруючы новыя дзяржаўныя сімвалы.

На нарадзе Лукашэнка некалькі разоў параўнаў дзяржслужбоўцаў з вайскоўцамі: "Чаму ён павінен вылучацца? Народ павінен бачыць, што гэта дзяржаўны чалавек. Як вайсковец. Калі вайсковец ідзе ў грамадства... Пагоны, форма — бачна, што гэта вайсковы чалавек".

Пасля гэтага ён паведаміў, быццам пасля распаду СССР вайскоўцаў у Беларусі закідвалі камянямі. Пацвярджэнняў сваёй фантастычнай гісторыі Лукашэнка прыводзіць не стаў, проста дадаў: "Мы далі ім магчымасць з ордэнамі і пагонамі хадзіць па вуліцах".

Па словах Лукашэнкі, значок дзяржслужбоўца павінен вырашыць дзве задачы. Першую ён сфармуляваў так: "Калі ты дзяржаўны службовец, ты павінен знешне вылучацца ў грамадстве, для таго каб да цябе маглі звярнуцца людзі па дапамогу, параду, падтрымку. Ну, і проста з табой пагаварыць". А другой задачай ён назваў тэст на лаяльнасць: дзяржаўны службовец не павінен саромецца свайго месца службы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.