Лукашэнка — пра мемарыял Бандарэнкі: спартовую пляцоўку ператварылі ў могілкі

Лукашэнка — пра мемарыял Бандарэнкі: спартовую пляцоўку ператварылі ў могілкі

"Могілкі і мемарыялы — гэта псіхалагічнае ўздзеянне на насельніцтва", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 17 лістапада. Так ён пракаментаваў знішчэнне народнага мемарыяла памяці загінулага Рамана Бандарэнкі на "Плошчы Перамен" у Мінску. Відэа выступу апублікаваў ТГ-канал "Пул Першага". 

Па словах Лукашэнкі, пратэсты сталі радыкалізавацца. "І гэтыя двары сталі месцам разборак. Хтосьці чапляе прафашысцкія стужачкі. Хтосьці, ненавідзячы гэта, прыходзіць і іх зразае. Пачынаюцца патасоўкі, бойкі. І як вынік — тое, што адбылося на адной са спартовых пляцовак. /.../ Спартовую пляцоўку ператварылі ў могілкі", — заявіў Лукашэнка.

Ён лічыць, што асноўная мэта такіх кропак — ператварыць іх у месца грамадзянскай вайны. Туды, маўляў, прыйдуць людзі са зброяй — як з-за мяжы, так і з Беларусі. 

Раман Бандарэнка быў жорстка збіты невядомымі ў масках 11 лістапада, калі выйшаў на "Плошчу Перамен". На наступны вечар ён памёр у лякарні пасля аперацыі — дактары не змаглі выратаваць яму жыццё. 

Сярод нападнікаў, якія дзейнічалі на "Плошчы Перамен", бачылі людзей, падобных да кіраўніка Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава і вядомага кікбаксёра Дзмітрыя Шакуты. Абодва ўваходзяць у бліжэйшае кола Лукашэнкі. Сам кіраўнік дзяржавы ў адказ заявіў: "Гэтыя людзі наогул у Мінску не былі!"

Народныя мемарыялы ў памяць Рамана Бандарэнкі сталі ўзнікаць у розных гарадах краіны. Самы вялікі — на "Плошчы Перамен". Аднак 15 лістапада гэты мемарыял быў знішчаны. Усіх, хто спрабуе пакінуць на яго месцы кветкі, затрымліваюць міліцыянты. 

Наўрад ці прычына ў тым, што мемарыял Бандарэнку зрабілі на (умоўна кажучы) спартовай пляцоўцы. Гэтак жа бязлітасна ўлады змагаліся з мемарыялам памяці забітага Аляксандра Тарайкоўскага, зробленым не на праезнай частцы, а побач.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі