Лукашэнка папярэдзіў студэнтаў: дыпломы, выдадзеныя за мяжой, не прызнаем

Лукашэнка папярэдзіў студэнтаў: дыпломы, выдадзеныя за мяжой, не прызнаем

29 кастрычніка падчас кадравых прызначэнняў Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся пра студэнтаў. Яны нечакана для ўладаў прадэманстравалі палітычную спеласць — арганізоўваюць забастоўкі, акцыі пратэсту. У адказ актыўных студэнтаў пачалі адлічваць. Лукашэнка ўжо пагражаў хлопцам адпраўкай у войска. У чацвер жа ён пракаментаваў намер студэнтаў вучыцца за мяжой.

"Трэба ж разумець, што там ёсць 10-15 чалавек... А астатнія нармальныя людзі", цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. І ўсё ж чаму студэнцкія акцыі атрымліваюцца шматлюднымі? "Адзін пайшоў, а іншыя ідуць, думаюць: ну як застацца — штрэйкбрэхерамі абзавуць, адшчапенцамі, здраднікамі, — працягваў Лукашэнка. — Ну і ідуць натоўпам".

Аляксандр Лукашэнка нібыта не супраць, каб студэнты ехалі вучыцца ў Польшчу ці Літву: "Не пытанне. Заўтра выпішам квіткі, няхай едуць". Але тут жа нагадвае моладзі, што "толькі ў лінгвістычным універсітэце вучаць замежным мовам".

"Паверце, у Польшчы, Чэхіі і нават у Літве людзей, якія ўмеюць размаўляць на замежных (англійскай ці нямецкай) мовах, дастаткова, — Лукашэнка арыгінальна пераконвае моладзь. — Кагосьці там пакінуць — аднаго-двух чалавек, і тое фізікаў, матэматыкаў, таленавітых". І вось гэтым таленавітым "там мазгі прамыюць", а пасля адправяць назад "як пятую калону". "Гэтага не будзе!", — заявіў ён.

"Я даручыў ураду, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — У бліжэйшы час будуць прынятыя меры аб непрызнанні дыпломаў, атрыманых за мяжой".

Лукашэнка лічыць, што студэнтаў, якія хочуць вучыцца ў Беларусі, "95% і больш". І паставіў задачу арганізаваць іх бяспеку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі