Вы тут

Лукашэнка: "Мы не збіраемся выразаць тых, хто карысць прыносіць дзяржаве"

Сілавікі і прэм'ер на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, 6 красавіка 2021-га / БЕЛТА

На нарадзе 6 красавіка, прысвечанай знешнепалітычнай тэматыцы, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў "разабрацца" з працай у нашай краіне замежных фондаў, некамерцыйных арганізацый, якія маюць замежнае фінансаванне. Прагучала гэта падчас абмеркавання  адносін з Польшчай. "Мы не збіраемся ні з кім ваяваць, не хочам ні з кім ваяваць, але калі толькі да нас будуць вось такім чынам ставіцца, як гэта было ў канцы мінулага года і цяпер, па мордзе атрымаюць і вельмі моцна", цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

На нарадзе было заяўлена, што сілавікам трэба было раней "правесці праверкі курсаў вывучэння моваў, скаўцкіх арганізацый і іншых падобных структур, якія кіруюцца і фінансуюцца з-за мяжы". Лукашэнка крытычна выказаўся пра дзейнасць упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака. "Вазьміце ў свае рукі і разруліце!", — даў ён яму даручэнне.

Што да "розных фондаў", то іх чакае перарэгістрацыя — даручэнне атрымаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка. "Мы не збіраемся выразаць тых, хто карысць прыносіць дзяржаве, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Але мы ўбачылі, хто ёсць хто. Таму іх трэба прывесці ў пачуццё".

Лукашэнка падкрэсліў, што калі гэтыя структуры "здольныя працаваць на дзяржаву", іх будуць "цярпець", нават супрацоўнічаць. "Не — значыць, пад нож!", — заявіў ён і дадаў, што неназваныя структуры "уцягваюць моладзь у антыдзяржаўную дзейнасць, арганізуюць уцечку кваліфікаваных кадраў за мяжу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.