Лукашэнка: Калі Украіна ўдарыць па Брэсту, адказ будзе імгненным
Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА
Беларускі кіраўнік сцвярджае, што УСУ спрабавалі нанесці ўдар па ваенных аб'ектах Беларусі, але дапамаглі комплексы "Панцыр".
Некалькі дзён таму УСУ спрабавалі нанесці ўдар па ваенных аб'ектах Беларусі, але былі перахоплены супрацьпаветранымі комплексамі "Панцыр". Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас выступа з нагоды Дня незалежнасці.
Паводле беларускага кіраўніка, калі ўкраінцы пераступяць "апошні метр нашай зямлі" або ўварвуцца "на нашу зямлю", Беларусь нанясе ўдар у адказ. Пры чым, у выпадку меркаванага ўдару УСУ па Гомелі на поўдні, па Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, па аэрапорце, аэрадроме ў Лунінцы або Брэсце, адказ будзе "імгненны, у адну секунду".
У сваім выступе Лукашэнка не прайшоў міма любімай тэмы "правакацый Захаду", сярод якіх назваў "падзеі ў Бучы", сітуацыю вакол блакіроўкі паставак у Калінінград і ўкраінскага збожжа.
“Амерыканцы загадалі, перш за ўсё палякам і літоўцам, працаваць на абвастрэнне для таго, каб і тут, як і на Украіне, задумаць новую вайну. Думаю, што скончаць апошнім жыхаром Еўропы, як яны цяпер гавораць пра вайну на Украіне. Мы трымаемся, разумеем гэтыя правакацыі і трымаемся. Лепш худы свет, чым добрая вайна", — сказаў Лукашэнка.
Яшчэ ён звярнуўся да краін Захаду і заявіў, што крыху менш за месяц таму аддаў загад беларускай арміі "ўзяць пад прыцэл, як цяпер модна гаварыць, цэнтры прыняцця рашэнняў у вашых сталіцах з усімі наступствамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.