Лукашэнка: "А калі мы закрыем для Украіны некаторыя пазіцыі?"

Лукашэнка: "А калі мы закрыем для Украіны некаторыя пазіцыі?"

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з дэпутатам украінскага парламента Яўгенам Шаўчэнкам і выказаўся на тэму адносін з паўднёвай суседкай. Шаўчэнка — дэпутат з фракцыі "Слуга народу". Намеснік старшыні фракцыі Аляксандр Карніенка ўжо заявіў, што паездка ў Беларусь Яўгена Шаўчэнкі — гэта яго асабістая ініцыятыва. І яму давядзецца пасля вяртання даваць тлумачэнні. Як вядома, афіцыйны Кіеў не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам. Раней Шаўчэнка ўдзельнічаў ва Усебеларускім народным сходзе ў Мінску.

Пра што ж гаварылі на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і дэпутат? Лукашэнка шкадаваў пра пагаршэнне дачыненняў з Украінай і нагадваў пра тое, колькі Беларусь для яе зрабіла. "Мы ніколі, нават у гэтай сітуацыі, не рабілі кепска для Украіны", — заявіў ён.

"Тэлефанаваў раней Зяленскі, у яго ішла пасяўная кампанія, спынілася тэхніка — паліва няма, — расказваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы паздымалі паліва са сваіх прадпрыемстваў, перакінулі ў мінулым годзе на пасяўную ўкраінцам".

Лукашэнка прызнаўся, што яго насцярожваюць "антыдэмпінгавыя разборкі" з боку Украіны, якія "на 300 прыкладна мільёнаў долараў тавараў фактычна наклалі забарону". "А калі мы закрыем для Украіны некаторыя пазіцыі і рэчы? — працягваў ён. — Вы ж разумееце, што Еўрасаюз у вас усё не возьме. І нават не возьме тое, што паабяцаў. Ён дае вам гадавыя квоты, якія вы выбіраеце за першы квартал літаральна. Гэта мне Зяленскі расказваў... А што далей?".

Фактычна словы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымае "закрыццё" гучаць як папярэджанне Кіеву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі