Лукашэнка даручыў "зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі"

Клас у школе / TUT.BY

Аляксандр Лукашэнка даручыў "зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі". Пра гэта ён расказаў на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі Аляксандрам Вальфовічам, паведамляе БЕЛТА.

Лукашэнка згадаў інцыдэнт у мінскай прыватнай школе "Смарт Скул", дзе вучань меркавана стрэліў у твар аднакласніцы з пнеўматычнага пісталета. У дзяўчынкі было траўміраванае вока. Пры гэтым дырэктарка "Смарт Скул" заявіла, што ўдзельнікі інцыдэнту не былі вучнямі школы, яны прыходзілі на дадатковыя заняткі ў дзіцячы цэнтр, які знаходзіцца па суседстве. "Дзеці выйшлі дадому, і на прыпынку нешта здарылася", —казала дырэктарка.

Па словах Лукашэнкі, пісталет быў "не нейкі там траўматычны, як яны пішуць", гэта быў дзіцячы пісталет з гумовымі шарыкамі. Дзяўчынка была ў акулярах, шкло разбілася і пашкодзіла вока. Але падчас разбору таксама высветлілася, што кіраўніцтва школы "на дух не ўспрымае беларускую дзяржаву".

"Гэта што, там муць нейкая, нейкая клаака ўтварылася антыдзяржаўная? Ну, 26 дзяцей. Ну што гэта за школа?!" — абурыўся Лукашэнка. І расказаў, што даручыў неадкладна — з учарашняга дня — увесці ліцэнзаванне. "Народная адукацыя, школы, ВНУ — гэта не тая сфера, дзе мы жартаваць павінны", — заявіў ён.

Нагадаем, раней міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец казаў, што з пачатку навучальнага года ўсе ўстановы адукацыі мусяць атрымаць дзяржаўную акрэдытацыю. Ліцэнзаванне планавалася ўвесці пасля прыняцця адпаведнага закона.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.