Лукашэнка чакае ад чыноўнікаў рашэння, як вярнуць беларусаў, якія з'ехалі

Аляксандр Лукашэнка / AP

Аляксандр Лукашэнка сабраў чыноўнікаў, каб абмеркаваць пытанне аб вяртанні ў краіну тых беларусаў, якія з'ехалі. Гаворка пра тых, хто, па словах Лукашэнкі, "яшчэ ўчора выступаў супраць дзяржавы", з'ехаў ці апынуўся ў турме, "а сёння раскаяўся, але баіцца вярнуцца назад альбо звяртаецца да мяне з просьбай аб памілаванні".

Лукашэнка сказаў, што даручаў сваёй адміністрацыі прапрацаваць пытанне аб механізме вяртання тых, хто з'ехаў, піша БЕЛТА. Па яго словах, "тыя, хто гатовы жыць у міры, ствараць для дабра сваёй краіны, не павінны быць адкінутыя грамадствам". Ён кажа, што гатовы зрабіць крок насустрач. Пры гэтым ён патрабуе індывідуальнага падыходу, каб у краіну не вярнуліся тыя, хто дзейнічае "ў інтарэсах спецслужбаў замежных дзяржаў, асабліва нашых суседзяў па перыметры, якія паводзяць сябе подла".

Дакладная колькасць беларусаў, якія з'ехалі і працягваюць з'язджаць з краіны, пасля пратэстаў 2020 года і пачатку вайны ва Украіне, невядомая. Telegram-канал "Беларусі ў Польшчы" паведамляе, што ў польскіх школах стала адчувальна больш дзяцей з Беларусі. У студзені іх колькасць перавысіла 26 000 чалавек. Гэта больш чым на 1700 чалавек больш, чым чатыры месяцы таму. Для параўнання, навучальны год у 2021-м, паводле звестак Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы, у польскіх школах пачалі 15 тысяч беларусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.