Вы тут

Лукашэнка: Беларусь купіла ў Расіі "Іскандэры" і С-400

Комплекс "Іскандэр" / belvpo.com

Афіцыйны Мінск закупіў у Расіі ракетныя комплексы "Іскандэр" і С-400. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Ніжагародскай вобласці Глебам Нікіціным.

"Мы дамовіліся з Пуціным. Мы купілі ў вас патрэбную нам колькасць гэтых "Іскандэраў", С-400, узброілі наша войска. Цяпер гэта ўжо зусім іншае войска з такім узбраеннем", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Раней Лукашэнка заяўляў, што з Беларусі не будуць выводзіцца расійскія ракетныя комплексы, якія ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны: "Мы з Расіяй дамовіліся, што, напэўна, мы пакінем С-400, якія ў нас ёсць".

Таксама сёння ён заявіў, што ў Беларусі пры дапамозе Расіі ствараюць свой ракетны коплекс: "Мы самі яго зробім, але для гэтага трэба будзе больш за год. А калі разумны чалавек прыйдзе і падкажа, што мы не так робім, то мы да канца гэтага года атрымаем ужо ракету тыпу "Іскандэр". Вельмі добрую зброю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.