Літва і Латвія выступілі за забарону выдачы "шэнгена" расіянам

Фота носіць ілюстрацыйны характар / Deutsche Welle
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Deutsche Welle

Літва і Латвія выступілі за спыненне выдачы "шэнгена" расіянам, піша агенцтва BNS. Паводле кіраўніка літоўскага МЗС Габрыэлюса Ландсбергіса, абмежаванні на ўезд у краіны Еўрасаюза грамадзян Расіі будуць больш эфектыўнымі, калі яны будуць зацверджаны на ўзроўні ўсёй еўрапейскай супольнасці.

"Літва паслядоўна выступае за санкцыі супраць агрэсіўных дзяржаў і прытрымліваецца пазіцыі, што абмежаванні працуюць больш эфектыўна, калі яны прымяняюцца на ўзроўні ЕС", — заявіў Ландсбергіс.

Напярэдадні падобную прапанову зрабіў прэм'ер-міністр Латвіі Крыш'яніс Карыньш, паведамляе Delfi. Па яго словах, неабходна прыняць рашэнне аб спыненні выдачы шэнгенскіх турыстычных віз грамадзянам Расіі на ўзроўні Еўрапейскага саюза, узмацніўшы тым самым санкцыі супраць Расіі.

Раней паведамлялася, што Чэхія, якая цяпер старшынюе ў ЕС, заявіла, што спыненне выдачы віз грамадзянам Расіі можа дапоўніць санкцыі, абвешчаныя Еўрасаюзам супраць Масквы. Перамовы па гэтым пытанні павінны прайсці на прыканцы жніўня.

Ініцыятыва краін ЕС узнікла пасля заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які ў інтэрв'ю The Washington Post заклікаў Захад забараніць уезд усім грамадзянам Расіі. Расіянам трэба "жыць у сваім свеце, пакуль яны не зменяць сваю філасофію", — сказаў Зяленскі.

Адной з першых на заклік Зяленскага адгукнулася Эстонія, якая праз тыдзень закрывае ўезд для большасці расіян і прыпыняе для іх выдачу віз.

У той жа час канцлер Германіі Олаф Шольц заявіў у чацвер, што выступае супраць забароны на выдачу турыстычных віз грамадзянам Расіі. Еўракамісія выключала поўную забарону на выдачу віз расіянам яшчэ ў ліпені.

"Заўсёды ёсць групы людзей, якім неабходна даваць візы. Гэта гуманітарныя выпадкі, чальцы сям'і [грамадзян краін ЕС], журналісты і дысідэнты", — гавораць еўрачыноўнікі. У Еўракамісіі падкрэсліваюць, што санкцыі Бруселя накіраваныя найперш і "галоўным чынам" супраць расійскага ўрада і эканамічных эліт краіны, а не супраць шараговых грамадзян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі