Вы тут

Лідар ДДТ Юрый Шаўчук замест паказанняў пакінуў паліцыі свой аўтограф

Аўтограф Шаўчука / Фота з сацсетак

Лідар расійскага гурта ДДТ Юрый Шаўчук на допыце ў паліцыі замест паказанняў пакінуў свой аўтограф. Ён адмовіўся сведчыць супраць сябе, спаслаўшыся на 51-ы артыкул Канстытуцыі Расіі, піша "Бі-Бі-Сі".

Нядаўна Шаўчук выступаў з канцэртам у сваім родным горадзе Уфе. Са сцэны ён выступіў з антываеннай прамовай. Да таго ж музыка сказаў, што "Радзіма, сябры, гэта не дупа прэзідэнта, якую трэба ўвесь час слініць, цалаваць". У выніку пасля канцэрта да яго ў грымёрку прыйшла паліцыя. На Юрыя Шаўчука быў складзены пратакол "аб дыскрэдытацыі Узброеных сіл Расіі". Яго адправілі ў Санкт-Пецярбург, каб судзіць "парушальніка" па месцы жыхарства. Шаўчуку пагражае штраф.

Тым часам з'явілася інфармацыя, што сілавікі правяраюць і іншыя выступы Юрыя Шаўчука, шукаючы ў іх "крамолу". Калі гэта адпавядае сапраўднасці, то гаворка можа ісці ўжо пра крымінальную справу. Музыка не хавае сваёй пазіцыі па вайне ва Украіне. У красавіку стала вядома, што Шаўчук адмовіўся выступаць на пляцоўцы ў Цюмені, дзе намалявалі літару Z.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.