Вы тут

Латвія не выключае агрэсіі з тэрыторыі Беларусі

Арціс Пабрыкс / europarl.europa.eu

У Латвіі не выключаюць агрэсіі з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта 29 чэрвеня на саміце NATO ў Мадрыдзе заявіў беларускай журналістцы віцэ-прэм'ер, міністр абароны Латвіі Арціс Пабрыкс.

Па яго словах, якія перадае самы буйны да разгрому беларускі партал, Беларусь ужо фактычна ўцягнутая ў вайну, бо з яе тэрыторыі абстрэльваюць Украіну.

"Так, беларускія войскі не ўдзельнічаюць у вайне наўпрост. Але Беларусь цяпер саюзнік Расіі, а яна з'яўляецца агрэсарам. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, я думаю, што Лукашэнка і ягоны ўрад не павінны моцна спадзявацца, што мы будзем мякка глядзець на іх рэжым", — падкрэсліў Пабрыкс.

Па яго словах, паколькі ў Беларусі цяпер дамінуюць расійскія войскі, то застаецца верагоднасць агрэсіі ў бок Латвіі. Ён заявіў, што не можа гаварыць пра магчымыя ваенныя сцэнары Расіі ў дачыненні да Беларусі. Аднак Латвія гатовая да любога з іх.

"Мы краіна NATO, а краіны альянсу з'яўляюцца саюзнікамі. З гэтай прычыны мы пачуваемся ў бяспецы, і мы будзем у бяспецы", — дадаў латвійскі чыноўнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.