Вы тут

Купляць электраэнергію з БелАЭС непрыстойна — Науседа

Беларуская АЭС / Еўрарадыё​

Купляць электраэнергію з беларускай атамнай электрастанцыі з улікам нізкай культуры эксплуатацыі праекта непрыстойна, лічыць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Літва паслядоўна пратэставала і працягвае выступаць супраць беларускага праекту з-за сумненняў у бяспецы станцыі. Па ходзе будаўніцтва гэтыя сумневы толькі ўзмацняліся. Па словах Науседы, "культура эксплуатацыі Беларускай АЭС ніжэй за ўсякі ўзровень, зусім ігнаруюцца патрабаванні па рэалізацыі рэкамендацый стрэс-тэстаў".

Ён лічыць, што працэс уводу станцыі ў эксплуатацыю "штучна паскараецца за кошт бяспекі, і казаць у такіх умовах аб нейкіх нармальных кантактах, або, тым больш, аб закупцы электраэнергіі з такой станцыі, проста непрыстойна",  —  заявіў Науседа ў інтэрв'ю службе навін тэлеканала TV3.

Раней, 11 лютага, бяспека Беларускай АЭС абмяркоўвалася на пасяджэнні Еўрапарламента. Па выніках дэбатаў была прынятая рэзалюцыя, у якой была выказана "заклапочанасць з нагоды размяшчэння Астравецкай атамнай электрастанцыі ў 50 км ад Вільнюса... і ў непасрэднай блізкасці ад іншых краін ЕС". Акрамя таго, дэпутаты выказалі "шкадаванне з нагоды таго, што праект рэалізуецца, нягледзячы на пратэсты беларускіх грамадзян..."

Мінэнерга ў адказ заявіла, што рэзалюцыя Еўрапарламента па БелАЭС носіць палітычны характар. Аднак увод у эксплуатацыю і вывад на поўную магутнасць першага энергаблока станцыі сапраўды суправаджаўся некалькімі прыпынкамі энергаблока. Як мінімум адзін раз блок спынялі з-за паломкі абсталявання — выходзілі з ладу трансфарматары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.