Вы тут

Крушэнне рэйса MH-17: новыя звесткі

На месцы крушэння рэйса MH-17 / Reuters

Намеснік так званага міністра абароны ДНР Ігара Стралкова-Гіркіна Сяргей Дубінскі у першыя гадзіны пасля крушэння малазійскага "Боінга" не ведаў пра тое, які менавіта самалёт быў збіты над падкантрольнай сепаратыстам тэрыторыі. Пра гэта піша Радыё Свабода са спасылкай на нідэрландскую тэлекампанію NOS.

Аналіз тэлефонных перамоваў, змест якіх раней не афішаваўся, дазваляе сцвярджаць, паводле NOS, пра ўзрастанне ўплыву Расіі на дзеянні сепаратыстаў у ліпені 2014 года. З тых жа перамоваў вынікае, што расійскі бок забяспечваў байцоў Гіркіна неабходным абсталяваннем, у тым ліку сродкамі абароны ад праслухоўвання.

Паводле нідэрландскага выдання, Сяргей Дубінскі ведаў пра наяўнасць расійскага зенітнага комплекса "Бук", які быў перададзены сепаратыстам для барацьбы з украінскімі знішчальнікамі. Гэта падцвярджаюць запісы перамоваў 17 ліпеня 2014 года.

Прыкладна праз паўгадзіны пасля таго, як быў збіты малазійскі "Боінг", Дубінскаму паведамілі  пра знішчэнне ўкраінскага баявога самалёта. Спатрэбілася амаль дзве гадзіны, каб намеснік міністра абароны даведаўся пра тое, што ў гэты самы час разбіўся пасажырскі самалёт. Дубінскаму паведамілі, што ўкраінскі знішчальнік збіў "Боінг", а яго ў сваю чаргу знішчыў разлік "Бука". З праслухоўвання перахопленых размоваў немагчыма даведацца, хто менавіта аддаваў загад страляць з "Бука". Версія пра збіты знішчальнік пазней агучвалася расійскім бокам, але пасля ад яе адмовіліся.

У публікацыі NOS адзначаецца, што той факт, што Дубінскі і яго падначаленыя не ведалі, па якім самалёце яны выпусцілі ракету, ніякім чынам не здымае з іх адказнасць за злачынства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.