Крэдыту пакуль не будзе, МВФ прыедзе вывучаць сітуацыю ў Беларусі

Крэдыту пакуль не будзе, МВФ прыедзе вывучаць сітуацыю ў Беларусі

Міжнародны валютны фонд вывучае дзеянні ў эканоміцы, што прымаюцца ўладамі Беларусі. Пра гэта 6 траўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаўр.

"У нас узніклі пытанні ў частцы таго, што мы прапанавалі МВФ схему, якая прадугледжаная ва ўказе прэзідэнта № 78 [аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу] па камунальных паслугах, — цытуе словы Калаўра БелаПАН. — Што так, мы гатовыя ісці да 50% [кампенсацыі затрат насельніцтвам], але мы будзем ісці з двух бакоў: з аднаго боку, вось мы павысілі тарыфы, а з іншага боку — па навядзенні парадку ў гэтай манаполіі. Каб там не было непрадугледжаных выдаткаў і каб насельніцтва, і бюджэт у тым ліку, не пераплачвалі".

Па словах кіраўніка праўлення Нацбанка, у чэрвені ў Беларусь прыедзе місія МВФ, якая зноў будзе вывучаць сітуацыю. А гэта значыць, што да таго часу наша краіна дакладна не атрымае крэдыт у памеры 3 млрд долараў, на які даўно спадзяюцца ўлады.

Павел Калаўр паведаміў, што Нацбанк падтрымлівае прапанову Міжнароднага валютнага фонду стварыць Савет па забеспячэнні фінансавай стабільнасці. Калі ўрад ухваліць гэты праект, то савет будзе створаны. Пасады сустаршыняў савета па фінансавай стабільнасці, верагодна, зоймуць старшыня Нацбанка і першы намеснік прэм'ер-міністра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі