Вы тут

Краме Honar забаранілі гандляваць мылам маркі KARALI

Мыла KARALI / greenbelarus.info

— Прывітанне, у вас можна набыць некалькі кавалачкаў “пагрозы для жыцця і здароўя”?

— Не, с 14 траўня мыла “Чыстае-Светлае”, “Віленскае барока”, “Валошкі”, “Зорка Венера” больш у нас не прадаецца. 

Дзяржстандарт забараніў брэнду Honar прадаваць у сваём шоў-руме крафтавае мыла маркі KARALI. Правяраючыя прыйшлі да высновы, што яно ўяўляе “пагрозу для жыцця і здароўя” — менавіта так напісана ў дакуменце. 

“На мінулым тыдні ў нас пачалася праверка, — каментуе сітуацыю Еўрарадыё заснавальнік брэнда Павел Доўнар. — Яна працягнецца да 28 траўня, але супрацоўнікі Дзяржстандарта ўжо выдалі нам пастанову, па якой мы не можам гандляваць мылам KARALI. Як мне гавораць, пры афармленні дакументаў аб адпаведнасці KARALI няправільна пазначылі ДАСТ. У выніку нам прыйдзецца заплаціць штраф — да ста адсоткаў ад рэалізаванай прадукцыі”.  

Доўнар дадае, што не разумее, як тыя хібы не заўважылі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія зацвярджалі дакументы на пачатковым узроўні. І праўда: чаму за памылкі чыноўнікаў, якія дазволілі гандляваць мылам, мусіць расплачвацца Honar?

Што да “пагрозы для жыцця”, дык па словах Паўла, мыла з прыемным пахам і ў прыгожых упакоўках мела сваіх прыхільнікаў. Пакупнікі набывалі яго не толькі для сябе, але і ў якасці сувеніраў. Ніхто ніколі на прадукцыю не скардзіўся.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.