Вы тут

Колькі Synesis планаваў зарабляць на відэакамерах у грамадскіх месцах

Беларусам прапануюць плаціць за сачэнне​ / panoptes.by

Мінскія рэстаратары скардзяцца, што міліцыя патрабуе падключыць іх установы да беларускага "Вялікага брата" — сістэмы татальнага відэаназірання, распрацаванай кампаніяй Synesis.

"Калі я пераўзгадняў рэжым работы пасля 23:00, у мяне запатрабавалі копію заявы на "24x7 Паноптэс" ["дачка" Synesis, якая выйграла конкурс па выбары тэхнічнага аператара Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМГБ). — Еўрарадыё] ад уладальніка памяшкання", — расказвае адзін з удзельнікаў рынку.

Падключыць адну камеру да распрацаванай Synesis платформы Kipod, на базе якой працуе РСМГБ, каштуе 30 рублёў (20 за выдачу тэхнічных умоў і 10 — за падключэнне). Да гэтага дадаецца кошт камер. Падключэнне кожнай камеры звыш гэтага каштуе чарговыя 10 рублёў. А далей кожны месяц за кожную камеру давядзецца плаціць 103,95 рубля абаненцкай платы.

Нядаўна Synesis трапіў пад санкцыі Еўрасаюза з фармулёўкай "кампанія атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго". У Synesis мяркуюць, што падстаў для санкцый няма, і збіраюцца іх абскардзіць. Але хіба кліентаў, якія прыходзяць у "24x7 Паноптэс" пасля настойлівай просьбы сілавікоў падключыцца да сістэмы відэаназірання, нельга назваць выгадай?

Супрацоўнік "24x7 Паноптэс", з якім пагутарыла Еўрарадыё, кажа, што нічога не чуў пра сувязь паміж камерамі відэаназірання і часам работы мінскага грамадскага харчавання. "Мы падключаем тых, хто звяртаецца", — кажа ён.

У той жа час у кампаніі не адмаўляюць сувязі паміж з'яўленнем новых кліентаў і МУС:

"Калі аб'ект ёсць у пераліку аб'ектаў, якія павінны быць абсталяваныя сістэмай відэаназірання, значыць, ён павінен быць падключаны — у адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі №187 "Аб рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі". Пакуль прадпісанне не прыйшло, кавярня можа працягваць працаваць як раней. Але тады пачнуць дасылаць прадпісанні. Таму лепш падключыцца або паставіць камеры адразу. Пералікам і прадпісаннямі займаецца МУС".

 

У пераліках — тысячы аб'ектаў

Ці можна хоць бы прыблізна ацаніць, колькі Synesis плануе зарабіць на абслугоўванні камер, падключаных да Kipod? Еўрарадыё адшукала пералікі аб'ектаў, якія падлягаюць абавязковаму абсталяванню сродкамі сістэмы відэаназірання. Для кожнай вобласці і горада Мінска яны складаюцца асобна. У адкрытым доступе ёсць усе, акрамя пераліку для Віцебскай вобласці.

У гэтых дакументах пералічаныя тысячы аб'ектаў. Гэта стацыянарныя гандлёвыя пункты і аб'екты грамадскага харчавання; начныя клубы і дыскатэкі; установы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, турыстычныя аб'екты; пастаянныя пляцоўкі для правядзення масавых мерапрыемстваў; уезды і выезды з гарадоў; аб'екты, "якія ўяўляюць павышаную тэхнагенную і экалагічную небяспеку, умоўна ўразлівыя ў дыверсійных адносінах". Крытэры для аднясення таго ці іншага аб'екта да ліку тых, якія падлягаюць абавязковаму абсталяванню сродкамі сістэмы відэаназірання, можна знайсці тут

Толькі ў Гомельскай вобласці 3807 такіх аб'ектаў. У аналагічным пераліку Мінскай вобласці — 1393 аб'екты. Каб пералічыць аб'екты, якім патрабуецца відэаназіранне, Брэсцкаму аблвыканкаму спатрэбілася 42 старонкі, Гродзенскаму — 57. У 2014 годзе (самае свежае, што ўдалося знайсці) у пералік па Магілёўскай вобласці было ўнесена 459 аб'ектаў. Але гэта толькі горад Магілёў. Пазней некаторыя аб'екты былі выключаныя з пераліку, а іншыя дададзеныя.

У Мінску пералік "месцаў масавага знаходжання грамадзян, якія падлягаюць абавязковаму абсталяванню сродкамі сістэмы відэаназірання" складаецца з 261 радка. У ім бары, крамы, гандлёвыя цэнтры, начныя і ігральныя клубы, казіно, гатэлі, кінатэатр, заапарк і нават дэльфінарый.

Нагадаем, абаненцкая плата за кожную камеру, падключаную да Kipod, складае 103 рублі 95 капеек у месяц. Калі на кожным аб'екце ў Мінску будзе падключана толькі адна камера, сумарна выйдзе 27 тысяч 130 рублёў "абаненткі". Лічбы па абласцях можаце палічыць самі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.