Вы тут

Кніжны бізнес паралізаваны: рахункі выдаўцоў заблакаваныя ўжо тры тыдні

Кніжны бізнес на паўзе / blogspot.com

— Каб нешта рабіць, трэба людзям за гэта плаціць. А калі рахунак заблакаваны, такой магчымасці няма. Пакуль прадаём кнігі, якія былі выдадзеныя раней, — расказвае Еўрарадыё дырэктар выдавецтва “Кнігазбор” Генадзь Вінярскі. 13 студзеня яго забралі на допыт у ДФР. У выдаўца канфіскавалі камп’ютар і тэлефон. 

З таго часу работа “Кнігазбора” паралізаваная. Падвісла выданне васьмі кніг: фотаальбома "Мікола Арочка на фотаздымках", кніг прозы Галіны Багданавай і Вінцэся Мудрова, мемуараў Славаміра Равіча, літаратурнага альманаха "Новы Замак", літаратуры для дзяцей і падлеткаў: альманаха "Жэўжык", казак і апавяданняў Максіма Клімовіча і Людмілы Сімановіч.

— У нас тут няма на што глядзець, — працягвае Вінярскі. — Мы працавалі толькі з дзвюма друкарнямі. Валютнага рахунку няма, працавалі толькі з рэзідэнтамі Беларусі. З палітычнымі заявамі не выступалі, нічога палітычнага не выдавалі. Я не ведаю, што там яшчэ можна правяраць! Адзінае, можа, нашыя справы адкладаюцца, бо яны мізэрныя ў параўнанні з тым, калі бяруць акул бізнесу?

Але праверка працягваецца, а “Кнігазбор” чакае. Як і выдавецтва “Янушкевіч”, да дырэктара якога Андрэя Янушкевіча таксама завіталі сілавікі. У лютым тут мусілі выйсці дзве кнігі: новае выданне “Сабак Еўропы” Альгерда Бахарэвіча і казачная аповесць для падлеткаў “Крабат” Отфрыда Пройслера.

— За два тыдні ніякіх зрухаў няма. Падстаў для сенсацый таксама, — апісвае сітуацыю Андрэй Янушкевіч. — Выпуск кніжак падвіс. Мы не можам аплочваць партнёрам, але шукаем варыянты. На месцы не сядзім: працуем па падрыхтоўцы кніг, перамовы з праваўладальнікамі не спыняліся. Спадзяёмся, што неяк выкруцімся. Пакуль чакаем адказу ДФР на нашае хадайніцтва на зняцце арышту. 

Кіраўнік сайта knihi.by Алесь Яўдаха таксама сутыкнуўся з ціскам сілавікоў. У яго таксама няма ніякай новай інфармацыі пра праверку, якая пачалася ўжо амаль тры тыдні таму. А пра тое, што яго рахунак заблакаваны, ён увогуле даведаўся ў банку.

— Спрабуем працаваць як ёсць, у абмежаваных умовах, — гаворыць кнігар. — Кніжкі прадаваць можам, але, калі мы нарэшце ўсё прададзім, у нас нічога не застанецца. Новых кніжак нам ніхто не дасць, бо мы не можам разлічыцца з пастаўшчыкамі за старыя. Рахунак адкрыты для ўваходу, але мы не можам з яго нічога браць.

Яўдаха кажа, што цяпер шмат высілкаў ідзе на тое, каб знайсці тэхніку для працы, бо старую — тэлефоны ды камп’ютары — канфіскавалі. 

Што да страт, то, па словах суразмоўніка, сваю працу (гандль беларускамоўнай літаратурай) ён заўсёды ўспрымаў больш як асветніцкую: 

— Бізнес у гэтай справе не першаснае. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.