Вы тут

Кіркораў заступіўся за Галкіна і цяпер не прыедзе ў Беларусь?

Філіп Кіркораў / Serge Serebro

Два канцэрты Філіпа Кіркорава ў Беларусі “прыпыненыя”. Адзін канцэрт павінен быў прайсці 19 траўня ў Мінску, другі — на наступны дзень у Горадні. Але цяпер на сайце продажу квіткоў насупраць імпрэзы каштуе пазнака “прыпынена”.

Гэта “прыпыненне” супала па часе са зваротам спевака ў абарону Максіма Галкіна, а таксама абразлівым выпадам у яго адрас з боку беларускага праўладнага тэлеграм-канала.

"Мероприятие приостановлено"

“Я ў жаху”

Напачатку мая Кіркораў запісаў відэазварот у падтрымку Максіма Галкіна і Алы Пугачовай, якія стукнуліся з цкаваннем у Расіі пасля антываеннай заявы Галкіна. Кіркораў запісаў відэазварот, у якім заклікаў спыніць “паляванне на вядзьмарак”.

У той жа дзень у адным з праўладных тэлеграм-каналаў Беларусі з'явілася абразлівая публікацыю ў адрас спевака.

Меркавенне журналістаў беларускіх праўладных медыя не прымусіла Кіркорава адмовіцца ад сваіх словаў. Пазней, 4 траўня, Кіркораў паўтарыў сваю пазіцыю ў каментары для тэлеграм-канала Ксеніі Сабчак.

— Я цяпер у жаху ад таго, што мае словы не пачулі і паўтараюць, замбавана паўтараюць, што я не павінен заступацца за сваіх сяброў, таму што ў іх альтэрнатыўная пазіцыя. Але пачакайце… Я ўпэўнены, што ніхто не мае права абмяркоўваць і чарніць публічна асабістае жыццё каго б там ні было, — пракаментаваў Кіркораў.
 

“Яшчэ шмат гадоў будзе дарыць радасць”

Незадоўга да гэтага, 30 красавіка, Кіркорава з 55-годдзем павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. Віншавальныя словы ўсё яшчэ можна прачытаць на яго афіцыйным сайце.

Філіп Кіркораў / okras

“Вы скарылі сэрцы шматмільённай глядацкай аўдыторыі сваім унікальным талентам, яркім тэмпераментам і вылучнай індывідуальнасцю. На беларускай зямлі вас любяць і ведаюць як даўняга сябра нашай краіны і выдатнага артыста, кожная сустрэча з якім — чаканая падзея і сапраўднае свята добрага настрою”, — гаварылася ў віншаванні.

Тады ж Лукашэнка “выказаў упэўненасць, што жыццесцвярджальная творчасць артыста яшчэ шмат гадоў будзе дарыць радасць адданым прыхільнікам, спрыяць яднанню двух братэрскіх народаў”.
 

Што рабіць з квіткамі?

Канцэрт Кіркорава павінен быў прайсці ў Мінску яшчэ ў траўні 2021 года. Тады яго перанеслі на 2022 год “у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь”. Беларусаў заклікалі захаваць квіткі. Іх кошт дасягаў 305 рублёў.

Еўрарадыё пакуль не змагло звязацца з арганізатарамі канцэрта, каб высветліць, што беларусам рабіць з квіткамі на Кіркорава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.