Пераломны момант у вайне Расіі супраць Украіны наступіць у другой палове жніўня, а большая частка баявых дзеянняў будзе завершана да канца 2022 года. З такім прагнозам выступіў начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю Sky News.
"Па выніках гэтай вайны мы выйдзем на свае адміністрацыйныя межы, якія страцілі за ўвесь гэты час, цалкам адновім украінскую ўладу на ўсіх нашых тэрыторыях, у тым ліку Крым і Данбас", — упэўнены кіраўнік украінскай ваеннай разведкі.
Буданаў не хавае, што шлях украінцаў "будзе не простым", але перамога "сапраўды будзе" за імі. Па словах галоўнага разведчыка, тактыка Расіі ў вядзенні вайны не мяняецца нягледзячы на тое, што асноўныя баявыя дзеянні перанесены на ўсход Украіны. Расійскае войска церпіць паражэнне і нясе вялікія страты.
Па дадзеных Буданава, перамога Украіны ў вайне прывядзе да зменаў у колах расійскай улады. Прычым, у Расіі ўжо запушчаны механізм перавароту з мэтай звяржэння Пуціна, які хворы на рак. У расійскага кіраўніка ёсць яшчэ некалькі сур'ёзных захворванняў. Акрамя гэтага, Пуцін, паводле слоў Буданава, знаходзіцца ў кепскім псіхаэмацыйным і фізіялагічным стане.