Вы тут

Кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў стаў намеснікам міністра ўнутраных спраў

Мікалай Карпянкоў / прэс-служба МУС

19 лістапада Аляксандр Лукашэнка правёў перастаноўкі ў кіраўніцтве Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе ТГ-канал "Пул Першага". 

Першым намеснікам міністра — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі стаў Юрый Назаранка. Дагэтуль ён быў проста намеснікам міністра — камандуючым унутранымі войскамі. Ён адзін з тых, на каго ўскладаюць адказнасць за жорсткія разгоны мірных дэманстрацыяў у траўні 2020-га. 

Новым намеснікам міністра — камандуючым унутранымі войскамі стаў Мікалай Карпянкоў. Раней ён быў начальнікам галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванй злачыннасцю і карпуцыяй (ГУБАЗіК). Палітычную славу Карпянкоў здабыў у 2006 годзе: спярша асабіста круціў рукі кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну, а потым страляў амаль ва ўпор па яго прыпаркаваным аўтамабілі. У 2020-м Карпянкоў на чале, верагодна, сваіх супрацоўнікаў выбіў вітрыну ў кавярні ў цэнтры Мінска і жорстка пераследаваў мітынгоўцаў.

Генадзь Казакевіч, які быў першым намеснікам міністра, захоўвае пасаду намесніка міністра без прыстаўкі "першы" і застаецца начальнікам крымінальнай міліцыі.

Падчас прызначэнняў Лукашэнка патлумачыў, што замена першага намесніка тлумачыцца зменай прыярытэтаў. "Сутнасць цяперашніх прызначэнняў і перастановак у тым, што мы надаём большае значэнне ў МУС сістэме грамадскай бяспекі. Вы, напэўна, гэта заўважылі. Тут ніхто не павінен быць у крыўдзе з ранейшых намеснікаў, асабліва першага: няма таго, што мы не давяраем камусьці. Проста, зыходзячы з нашага досведу, сітуацыі ў краіне, апошніх падзей, мы пераконваемся і разумеем, што і ў будучыні грамадская бяспека будзе найважнейшым напрамкам працы для нашай міліцыі", — перадае БЕЛТА яго словы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.