Вы тут

Кіраўніца опернай трупы Вялікага тэатра прапрацавала ўсяго адзін дзень

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі / sb.by​

Оперная трупа Вялікага тэатра зноў засталася без мастацкага кіраўніка. У мінулы чацвер з'явілася інфармацыя аб прызначэнні на пасаду мастацкага кіраўніка опернай трупы Маргарыты Ізворска-Елізар'евай.

У пачатку нулявых яна была мастацкім кіраўніком Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі. У той час оперная і балетная трупа Вялікага тэатра існавалі асобна. Муж Ізворска-Елізар'евай, харэограф Валянцін Елізар'еў, быў дырэктарам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага тэатра балета. У 2009-м ён сышоў з тэатра, разам з ім сышла і жонка.  

Кандыдатуру Маргарыты Ізворска-Елізар'евай не зацвердзілі ў вышэйшых кабінетах, піша партал TUT.BY са спасылкай на свае крыніцы, але ўдакладняе, што афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма. Журналісты не змаглі атрымаць аператыўны каментар ні ў тэатры, ні ў самой Маргарыты Ізворска-Елізар'евай.

Партал нагадвае пра падобную гісторыю, якая адбылася ў жніўні 2020 года. Тады галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатра оперы і балета быў прызначаны і праз два дні звольнены Вячаслаў Чарнуха-Воліч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.