Кіеў пацвердзіў страту горада Салядар у Данецкай вобласці

Разбураны Салядар / Maxar Technologies
Разбураны Салядар / Maxar Technologies

Кіеў пацвердзіў страту горада Салядар у Бахмуцкім раёне Данецкай вобласці. Расіяне заявілі пра яго захоп яшчэ 13 студзеня. Аднак прадстаўнікі ўкраінскага вайсковага камандавання сцвярджалі, што баі працягваюцца. Горад ляжыць у руінах, і ўкраінскія падраздзяленні "пасля некалькіх месяцаў цяжкіх баёў" адвялі з яго "на падрыхтаваныя пазіцыі для захавання асабістага складу". Ні акружэння ўкраінскіх байцоў, ні іх здачы ў палон не было. Пра гэта ў сераду заявіў прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты. Дату, калі адбылося адстуленне, ён не назваў. Той жа ўкраінскі журналіст Юрый Бутусаў яшчэ некалькі дзён таму публікаваў карту, на якой Салядар ужо знаходзіўся пад расійскім кантролем.

"Замацаваліся на загадзя падрыхтаваных рубяжах абароны, — кажа Чараваты. — Выканалі асноўную задачу: не далі сістэмна прарваць ворагу на Данецкім кірунку фронт і ўвайсці ў тыл, а затым рухацца на аператыўную прастору. Выбілі максімальна сіл, у першую чаргу жывую сілу асабістага складу, знясілілі ворага".

Яшчэ адна гарачая кропка на фронце — горад Бахмут, за які ідуць таксама цяжкія баі. Расійскія войскі намагаюцца ўзяць украінскіх вайскоўцаў у аператыўнае акружэнне. Украінскае камандаванне пра магчымы адвод падраздзяленняў і з Бахмута пакуль не заяўляла. Бахмут абараняюць і беларускія добраахвотнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі