Кіеў губляе падтрымку беларускай апазіцыі. Што з гэтым рабіць?

Святлана Ціханоўская сярод беларусаў / twitter.com/franakviacorka
Святлана Ціханоўская сярод беларусаў / twitter.com/franakviacorka

Украіна цяпер вядзе гераічную вайну з агрэсарам. Акрамя таго, яна дасягае вялікіх поспехаў і на дыпламатычным фронце, што дазваляе атрымліваць падтрымку іншых краінаў. Аднак у выбудоўванні стасункаў з Беларуссю ва Украіны поўны правал — тактычны і стратэгічны. Кіеў не кантактуе ні з самаабвешчанай беларускай уладай, ні з антылукашэнкаўскай апазіцыяй. Як следства — Украіна губляе падтрымку нават апазіцыйных лідараў меркаванняў.

На думку рэдактара "Еўрапейскай праўды" Сяргея Сідарэнкі, цяпер ва Украіны з'явілася магчымасць кардынальна змяніць сітуацыю, не здрадзіўшы сваім папярэднім падыходам у адносінах да Беларусі. Святлана Ціханоўская заявіла пра стварэнне "Аб'яднанага пераходнага кабінета". Гэта своеасаблівы "ценявы ўрад" Беларусі. Коратка пераказваем, чаму ён мяркуе, што дыялог з беларускай апазіцыяй важны для Украіны. 

Як і краіны ЕС, Кіеў лічыць Аляксандра Лукашэнку "самаабвешчаным лідарам Беларусі". Але далей шляхі Еўрасаюза і Украіны ў беларускім пытанні разыходзяцца. У 2020-2021 гадах Украіна далучылася да некалькіх санкцыйных рашэнняў Еўрасаюза, але далёка не да ўсіх. Акрамя таго, ва ўкраінскім МЗС адразу вырашылі, што яны не будуць уводзіць санкцыі асабіста супраць Лукашэнкі.

Матывы былі такімі: Кіеў вызначыў мяжу, да якой дапушчальна раздражняць звар'яцелага дыктатара, каб не выклікаць у яго гатоўнасці да больш цеснага палітычнага супрацоўніцтва з Расіяй. Да прыкладу, не правакаваць на Мінск на тое, каб ён даваў расіянам права пускаць ва Украіну свае дыверсійна-разведвальныя групы.

Гэтая логіка страціла сэнс пасля 24 лютага 2022 года, калі поўдзень Беларусі ператварыўся ў вялікую вайсковую базу дзяржавы-акупанта. Але да санкцый супраць Лукашэнкі Украіна так і не далучылася.

Яшчэ адзін момант, у якім палітыка ЕС і Украіны не супадае, — стаўленне да лідаркі беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай. Спробы каманды Ціханоўскай дамовіцца пра візіт у Кіеў яшчэ з 2020 года сутыкаліся з адмовай. Галоўнай прэтэнзіяй Кіева была яе незразумелая пазіцыя ў дачыненні да Расіі і Крыма. Але яшчэ вясной 2021 года Ціханоўская паставіла кропку над "і". І ўсё ж Украіна і далей адмаўлялася не толькі сустракацца з ёй, але і прызнаваць за ёй статус лідара апазіцыі. Нонсэнс, але праз стаўленне Кіева асабіста да Ціханоўскай ён апынуўся ў адным кошыку з дзяржавай-агрэсарам.

Киев теряет поддержку белорусской оппозиции. Что с этим делать
Святлана Ціханоўская стварае пераходны кабінет / Еўрарадыё

Нават для скептычна настроеных у дачыненні да Ціханоўскай беларусаў яна застаецца сімвалам апазіцыі. Таму што іншага няма. Яна — адзіная прадстаўніца Беларусі, якая мае грамадскую легітымнасць. Да таго ж, міжнародна прызнаную.

Таму пераважная большасць беларусаў, настроеных супраць Лукашэнкі, балюча ўспрымае тое, што Украіна ігнаруе Ціханоўскую, і лічыць гэтую палітыку накіраванай супраць апазіцыі ў цэлым. Маўляў, Кіеў, нягледзячы на ўсё, што адбылося, імкнецца аднавіць адносіны з Лукашэнкам. 

Вынік гэтага — змяншэнне колькасці праўкраінскіх галасоў сярод беларусаў. І калі ў рэгіёне пачнецца імклівае развіццё падзей, Украіна можа аказацца побач з абноўленай Беларуссю, дзе палітычнае кіраўніцтва не будзе мець даверу да яе. І будзе мець на гэта падставы.

І самае галоўнае, што пазбягаючы зносінаў з беларускай апазіцыяй, Кіеў не мае ўплыву на яе парадак дня. Фарміраванне "ценявога ўрада" дае Украіне магчымасць выхаду з гэтага тупіка.

Цяпер ва Украіне часта можна пачуць аргумент накшталт: "А ці ўпэўненыя мы, што гэта на 100% праўкраінскія прадстаўнікі апазіцыі? Хай спачатку дакажуць, што яны падтрымліваюць Украіну". Тут, на думку журналіста, ёсць прынцыповая лагічная памылка: вынік, якога Украіна павінная дасягнуць сваімі дзеяннямі, вылучаецца ў якасці перадумовы для гэтых дзеянняў.

Беларуская апазіцыя па вызначэнні павінная быць не праўкраінскай, а "прабеларускай". А мэта Украіны — зрабіць так, каб у сваіх дзеяннях і заявах яна ўлічвала інтарэсы Кіева і разумела іх. Для гэтага патрэбныя адносіны з ёй, патрэбная магчымасць весці дыялог. 

А яшчэ важнейшае тут тое, што ва Украіны з'явіцца магчымасць рэкамендаваць праўкраінскіх беларусаў у структуры апазіцыі, якія далей будуць здольныя ўплываць на працэсы знутры.

Киев теряет поддержку белорусской оппозиции. Что с этим делать
Полк Кастуся Каліноўскага / Сацыяльныя сеткі​

Частка ўкраінцаў мяркуе, што прызнаць ўрад Ціханоўскай можна, толькі калі яго прызнаюць беларусы-вайскоўцы, якія ваююць супраць Расіі. Гаворка пра беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага.

Але варта памятаць, што існуе агульнапрызнаны ў цывілізаваным свеце прынцып падзелу палітычнай і ваеннай кампаненты. Гэта значыць, цывільныя асобы не павінны ўмешвацца ў тактычныя рашэнні ваенных кіраўнікоў, а вайскоўцы не павінны мець голаса, акрамя дарадчага, пры прыняцці палітычных рашэнняў. Рашэнне пра пачатак адносінаў з беларускай апазіцыяй з'яўляецца палітычным, вайскоўцы не павінныя мець да яго дачынення. 

Таксама ёсць меркаванне, што небяспечна прызнаваць беларускую апазіцыю, пакуль ідзе вайна. Таму што Лукашэнка можа адпомсціць. Вядома, трэба быць асцярожнымі з яго правакаваннем. Але відавочна, што ён не пачынае наземную аперацыю супраць Украіны выключна праз уласную негатоўнасць да гэтага кроку. Калі Беларусь зробіцца дзяржавай-агрэсарам, гэта будзе іншы ўзровень санкцый. Ды і Беларусь як няядзерная дзяржава не мае таго дэ-факта імунітэту, які ёсць у Расіі.

Палітычнае рашэнне пра тое, як менавіта пачнецца супрацоўніцтва Украіны і беларускай апазіцыі, павінен прыняць Кіеў. Але тое, што гэты крок наспеў і пераспеў, з'яўляецца безумоўным фактам. Кіеў нічога не набывае, дэ-факта працягваючы адносіны з Лукашэнкам. Ён дакладна губляе магчымасці і давер тых антылукашэнкаўскіх беларусаў, якія маглі б быць натуральнымі сімпатыкамі Украіны. Але ператвараюцца ў яе апанентаў, бо лічаць цяперашнюю палітыку Кіева недапушчальнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі