"Кібер Партызаны" ў інтэрв'ю Еўрарадыё: Дзяржсайты — гэта так, забава

Рукі кіберпартызан цягнуцца да дзяржаўных сайтаў? / Еўрарадыё
Рукі кіберпартызан цягнуцца да дзяржаўных сайтаў? / Еўрарадыё

"Кібер Партызаны" навялі шораху ў беларускім сегменце інтэрнэту. Хакеры спрабуюць "пакласці" інфармацыйныя сістэмы розных дзяржорганаў і ўжо аб'яўлялі аб атаках на мытны камітэт, сістэму АРІП, сайт МУС і іншыя інфармацыйныя рэсурсы.

Хто гэтыя людзі, ці ёсць у іх кіраўнік, адкуль яны "працуюць"? Усе гэтыя пытанні пакуль што застаюцца без адказу. Еўрарадыё ўдалося раскруціць "Кібер Партызан" на невялікае інтэрв'ю.

Еўрарадыё: Як бы вы вызначылі сябе?

Партызан: Вызначэнне нас — супраціў, віртуальны пратэст, кіберфронт. Мэта — аднавіць справядлівасць, націснуць на рэжым Лукашэнкі, каб той хутчэй вызваліў нашу краіну.

Еўрарадыё: Якія вашыя далейшыя намеры? Калі вы зразумееце, што пара згортвацца?

Партызан: Мы збіраемся сфармаваць кіберсуполку, з якой не зможа даць рады састарэлая сістэма "саўка". Актыўнасць будзе павялічвацца. Калі мы даможамся змены ўлады, то пераключым тумблер у рэжым стварэння.

Еўрарадыё: Як доўга вы плануеце "хістаць рэжым"?

Партызан: Пакуль не ўпадзе. Нас пакуль не ўспрымаюць сур'ёзна, але ўсё ідзе сваім парадкам. У адваротным выпадку мы дойдзем да грашовых аперацый, а пакуль былі толькі папярэджанні.

Еўрарадыё: Супраць каго накіраваны вашыя атакі? Як вы выбіраеце мэты?

Партызан: Некарэктнае пытанне. Выбіраем паслядоўна.

Еўрарадыё: Ці варта шараговым грамадзянам Беларусі баяцца кіберпартызан?

Партызан: Не, не варта, і мы адчуваем падтрымку большасці. Нават калі мы прыносім нязручнасці, то яны часовыя.

Еўрарадыё: Як бы вы ацанілі абарону сайтаў беларускіх дзяржорганаў?

Партызан: Калянулявая. Дзяржаўныя сайты — гэта так, забава.

Еўрарадыё: Як, па-вашаму, улада, якая змагаецца за выжыванне, будзе рэагаваць на кібератакі?

Партызан: Адкажу пытаннем на пытанне: а як яна можа рэагаваць?

Еўрарадыё: Ці сустрэлі вы нейкі сур'ёзны супраціў з боку дзяржаўных кіберабаронцаў?

Партызан: Не, не сустрэлі. Нават паклалі іх сайты ў тым ліку.

Еўрарадыё: Хочаце яшчэ што-небудзь дадаць?

Партызан: Так. БелТА будзе нашай.

“Кибер Партизаны” в интервью Еврорадио: Госсайты — это так, развлечение

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, на іх актыўнасць ужо звярнулі ўвагу ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта. Орган улады падрыхтаваў "план мерапрыемстваў" па абароне сваіх сайтаў у сувязі з "узнікненнем у апошні час шкоднага ўздзеяння на афіцыйныя сайты дзяржаўных органаў і арганізацый".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі