Катаванні анарха-партызанаў: "Сказаў, што ў Ігара зрэзалі скуру на пятках"

Анарха-партызанаў, нядаўна асуджаных на вялікія тэрміны, у зняволенні катавалі. Пра гэта распавяла Юлія Дубоўская — сястра Дзмітрыя Дубоўскага з "групы Аліневіча".

Юлія бачылася з братам падчас дазволенага спаткання. Тады ён ёй расказаў, як усё адбывалася. Дзяўчына кажа, што перадае пачутае не даслоўна, а па памяці. 

"У мяне ў вушах гучыць, што майго брата душылі, апранаючы на галаву пакет, ён неаднаразова губляў прытомнасць... Ён спрабаваў апісаць, як са звязанымі за спіной рукамі яго як быццам адрывалі ад зямлі. Ён нават спрабаваў успомніць, як называецца гэтае катаванне... Сказаў, што рукі ўсе былі апухлыя і ў крыві ад сцяжак... Некалькі дзён у СІЗА КДБ не мог рухацца з-за пашкоджаных рэбраў... Сказаў, што ў Ігара (Аліневіча. — Еўрарадыё.) зрэзалі скуру на пятках... Пачаў распавядаць пра Сяргея (Раманава. — Еўрарадыё), што яму давялося парэзаць сабе руку ... Я яго спыніла", — кажа сястра Дубоўскага.

Актывісты анархісцкага руху Ігар Аліневіч і Сяргей Раманаў былі асуджаны на 20 гадоў калоніі, Дзмітрый Рэзановіч — на 19 гадоў, Дзмітрый Дубоўскі — на 18. Праваабаронцы прызналі ўсіх іх палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.