Касцёл заступіўся за палітвязня Вольгу Залатар

Вольга Залатар / Еўрарадыё
Вольга Залатар / Еўрарадыё

Каля 70 каталіцкіх святароў паставілі свае подпісы пад хадайніцтвамі ў СК з просьбай спыніць крымінальны пераслед Вольгі Залатар, паведамляюць праваабаронцы.

Вольга Залатар, мама пецярых дзяцей, ужо месяц знаходзіцца за кратамі. Яе затрымалі за "актыўную пратэстную дзейнасць", паведамляла па гарачых слядах мінская міліцыя, а таксама за тое, што яна нібыта з'яўлялася адміністратарам дваровага тэлеграм-чата ў Ждановічах. У дачыненні да Залатар распачата справа аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1 КК).

Праваабаронцы паведамляюць таксама, што два каталіцкія святары напісалі за яе даручальніцтва — у надзеі, што Вольгу выпусцяць з СІЗА. Акрамя таго, сама Вольга тройчы пісьмова прасіла аб сустрэчы са святаром. Але ёй было адмоўлена — адміністрацыя матывавала гэта тым, што Залатар нібыта адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам.

"Для Олі вельмі важная частка жыцця — касцёл і сям'я", — распавядала ў інтэрв'ю TUT.BY яе сяброўка Анастасія Даманская. Па адукацыі Вольга Залатар — сацыёлаг, скончыла магістратуру, але са з'яўленнем дзяцей, вырашыла прысвяціць час сям'і.

Пасля выбараў Вольга была валанцёрам каля мінскага ізалятара ў завулку Акрэсціна. Яе некалькі разоў затрымлівалі падчас вулічных пратэстаў, каралі штрафамі.

"Першы раз мяне асудзілі за фота дваровага чаявання, на якім мяне нават не відаць. Другі раз мяне затрымалі за тое, што, на думку міліцыі, я таксама ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", распавядала яна ў інтэрв'ю Еўрарадыё.

Апошні раз — 18 сакавіка — адначасова з Вольгай быў затрыманы і яе муж Сяргей Ганкевіч. Яго асудзілі на 10 сутак за несанкцыянаванае пікетаванне — нібыта ён у абедзенны час вывесіў у акне бел-чырвона-белы сцяг.

Апеку над дзецьмі часова аформіла бабуля.

Праваабаронцы прызналі Вольгу Залатар палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі