Вы тут

Каранік расказаў гродзенскім акцёрам пра скальпель хірурга

Уладзімір Каранік / БЕЛТА

22 верасня адбылася сустрэча кіраўніка Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка з артыстамі мясцовага драмтэатра. З-за гэтага давялося адмяніць спектакль. Тое, што адбылося 20 верасня, набыло шырокую вядомасць: у Гродне затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку і яго жонку, артыстку Валянціну Харытонаву. Калі іх калегі пра гэта даведаліся, яны спынілі спектакль. Дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатру Ігар Гедзіч абурыўся, назваў учынак калектыву "палітызацыяй тэатру". Артыстку Елізавету Мілінцэвіч звольнілі.

Як паведамляе TUT.by, акцёры кажуць, што дыялогу з Каранікам не атрымалася. Ім было заяўлена, што яны не мелі права спыняць спектакль. А Уладзімір Каранік (былы міністр аховы здароўя) прывёў такі прыклад: "Калі б хірург кінуў скальпель ці кіроўца аўтобуса высадзіў нас у полі". Але акцёры гаварылі пра сітуацыю ў краіне і гвалт стлавікоў. Каранік жа абяцаў новую Канстытуцыю праз два гады.

Калі кіраўнік вобласці выходзіў з тэатру, людзі, якія сабраліся падтрымаць акцёраў, скандавалі: "Не чапайце нашых акцёраў!". Дарэчы, там дзяжурылі некалькі мікрааўтобусаў з сілавікамі.

5 жніўня 2020-га над тэатрам лунаў бел-чырвона-белы сцяг / svaboda.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.