Вы тут

Кангрэсмен Крыс Сміт расказаў, што будзе ў "Акце аб дэмакратыі ў Беларусі"

Выступае Крыс Сміт / Reuters

Кангрэсмен-рэспубліканец Крыс Сміт апублікаваў вытрымкі з прамовы, з якой ён выступіць 18 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў. Выступ прысвечаны разгляду "Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэту Беларусі за 2020 год”. 

Крыс Сміт настойвае на як мага больш хуткім прыняцці гэтага Акта, які падтрымліваюць абедзве буйныя партыі ЗША — Рэспубліканская і Дэмакратычная. У сваёй прамове ён тлумачыць прычыны.

"Беларусь больш, чым іншыя дзяржавы, захрасла ў савецкім мінулым з неэфектыўнай эканомікай і пад кіраваннем жорсткага аўтакрата на працягу больш як чвэрць стагоддзя. Але тым не менш непакорлівы дух свабоды жыве ў народзе Беларусі. І яны выйшлі на вуліцы, калі заведама фальшывыя вынікі выбараў 9 жніўня абвясцілі Аляксандра Лукашэнку пераможцам.

Маскоўскі механізм АБСЕ далажыў 5 лістапада, што існуюць бясспрэчныя доказы таго, што вынікі выбараў прэзідэнта Беларусі 9 жніўня былі сфальсіфікаваныя, і што сілавыя структуры краіны здзейснілі сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў адказ на мірныя дэманстрацыі, выкліканыя выбарамі", — заяўляе кангрэсмен.

Ён адзначае, што цяпер у Беларусі міліцыянты выкарыстоўваюць усё больш жорсткія метады супраць мірных дэманстрантаў. 

Кангрэсмен кажа, што дапамога патрэбная беларускаму народу і лідарам дэмакратычнага руху. "Дэмакратычны апазіцыйны рух аб'яднаны, разумны, прынцыповы, упарты і неверагодна адважны. Спадарыня Ціханоўская правяла бясстрашную выбарчую кампанію, але сёння знаходзіцца ў выгнанні ў Літве. Яна працягвае збіраць народ Беларусі і свету, каб патрабаваць дэмакратыі і правоў чалавека для ўсіх людзей яе краіны", — заяўляе ён.

Сміт узначальваў слуханні ў Кангрэсе па выніках беларускіх выбараў 2010 года. Ён нагадвае, што рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў выкарыстоўваліся і тады. 

"У мінулым мы зрабілі вялікую памылку: міжнародная супольнасць альбо стомленая, альбо не паказала адданасць і настойлівасць. Такое не павінна паўтарыцца гэтым разам", — упэўнены кангрэсмен.

Ён кажа, што двойчы асабіста сустракаўся з Лукашэнкам у Мінску. Абедзве гэтыя сустрэчы ўмацавалі ў ім жаданне весці барацьбу за дэмакратыю і свабоду.

Сёлетні "Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі" узмацняе і пашырае Акты аб дэмакратыі Беларусі за 2004, 2006 і 2011 гады, якія таксама падрыхтаваў Крыс Сміт. "Гэты закон аднаўляе асабістыя эканамічныя і візавыя санкцыі супраць пашыранага кола асоб ва ўрадзе Беларусі і грамадзян Расіі, якія былі замяшаныя ў падаўленні пратэстаў", — адзначае ён.

У прыватнасці, гэты законапраект:

— заклікае правесці новыя выбары;

— прызнае Каардынацыйную раду легітымным інстытутам, які можа ўдзельнічаць у дыялогу аб мірнай перадачы ўлады;

— заклікае вызваліць палітычных вязняў;

— падтрымлівае імкненне беларускага народа да свабоды веравызнання;

— дазваляе падтрымку ў развіцці дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;

— адназначна аб'яўляе палітычны курс ЗША на непрызнанне ўключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расіяй;

— патрабуе ад ЗША стратэгіі па развіцці тэле- і радыёвяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;

— дае неабходную падтрымку беларускім СМІ і сектару інфармацыйных тэхналогій.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.