Вы тут

Камунальная трагедыя ў Жодзіне: горад застаўся без вады

Жодзінцы засталіся без вады / ex-press.by

Ва ўсім Жодзіне адключылі ваду пасля аварыі, якая адбылася 18 сакавіка ў 8:45 на 110- трансфарматарнай падстанцыі БелАЗа, паведамляе ex-press.by. 

Па словах жодзінцаў, спярша з крана пацякла бурая вада, а потым спынілася зусім. 

Паведамляецца, што адключыўся размеркавальны пункт на падстанцыі БелАЗа, якая сілкуе большую частку горада, у тым ліку і водазабор "Паўночны". 

Галоўны санітарны лекар Жодзіна Сяргей Канавалаў накіраваў дырэктару камбіната грамадскага харчавання Яўгену Лобану і кіраўнікам аб'ектаў грамадскага харчавання і гандлю Жодзіна ліст з паметкай "вельмі тэрмінова".

Ён рэкамендуе забяспечыць пітной бутыляванай вадой усе ўстановы адукацыі, аб'екты грамадскага харчавання і гандлю — як для піцця, так і для гатавання ежы. 

"Выкарыстанне вады з цэнтралізаваных сетак водазабеспячэння не рэкамендавана да атрымання здавальняючых вынікаў лабараторных даследаванняў вады", — гаворыцца ў дакуменце.

У Жодзіне жыве 64 тысячы чалавек.

У чэрвені 2020-га з падобнай сітуацыяй сутыкнуліся мінчукі: праз аварыю ў "Мінгарвадаканале" некалькі дзён без пітной вады былі жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў.

Жодзінцы засталіся без вады / ex-press.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.