Калі заўтра вайна: інструкцыя на выпадак горшага сцэнара

Папярэджаны — значыць абаронены! / калаж Улада Рубанава
Папярэджаны — значыць абаронены! / калаж Улада Рубанава

Расія можа напасці на Украіну. Такія апаскі ўсё часцей можна пачуць у апошні час (ніколі такога не было — і вось зноў).

Аптымісты скажуць, што нічога не будзе. А калі і будзе, то што да гэтага беларусам? Маўляў, наша хата з краю. Песімісты ж успомняць, што Беларусь — сябра АДКБ, а яшчэ і самы галоўны ваенных хаўруснік Расіі, які з радасцю дае доступ да сваёй тэрыторыі войскам РФ. І выкажуць здагадку, што ў выпадку ўдзелу ў канфлікце рэакцыя ў адказ можа выклікаць ваенныя дзеянні і на нашай тэрыторыі.

Урады розных краін перыядычна публікуюць для сваіх грамадзян інструкцыі на выпадак вайны. Многія парады адтуль універсальныя, некаторыя — маюць патрэбу ў адаптацыі да беларускіх рэалій. Чым, уласна, мы і заняліся.

Рэдакцыя Еўрарадыё шчыра спадзяецца, што гэтая інструкцыя не спатрэбіцца беларусам.

Трывожны чамаданчык

Если завтра война: инструкция на случай худшего сценария

Перш чым напаўняць трывожны чамаданчык, трэба вызначыцца, якім ён наогул павінен быць. Лепш за ўсё падыдзе моцны і зручны заплечнік аб'ёмам ад 25 літраў.

Што туды пакласці?

1. Дакументы і іх копіі: пашпарты, аўтамабільныя правы, дакументы на нерухомасць і аўтамабіль. Можна таксама пакласці фатаграфіі родных і блізкіх. Пажадана ўсё спакаваць у поліэтылен.

2. Крэдытныя карткі і наяўныя грошы дробным наміналам, але не манеты (лепш мець і беларускія рублі, і замежную валюту).

3. Дублікаты ключоў ад дома і машыны.

4. Мапа мясцовасці.

5. Ліхтарык (а лепш некалькі), запасныя элементы сілкавання да яго, запалкі, запальніцу, свечкі.

6. Компас, гадзіннік (лепш воданепранікальныя).

7. Нож, сякерку, сігнальныя сродкі накшталт свістка.

8. Некалькі пакетаў для смецця аб'ёмам 120 літраў. Іх можна выкарыстоўваць як тэнт.

9. Рулон шырокага скотчу.

10. Пачак прэзерватываў. У іх можна надзейна захоўваць запалкі або запальніцы, зручна закаркоўваць ёмістасці ад жамяры і пяску. У прэзерватывах можна пераносіць ваду і нават разаграваць яе над вогнішчам. Таксама іх выкарыстоўваюць у якасці жгута для спынення крывацёку.

11. Каля 20 метраў сінтэтычнага шнура 4–5 мм таўшчынёй.

12. Нататнік і аловак.

13. Ніткі і іголкі.

14. Адзенне: два камплекты сподняй бялізны, дзве пары баваўняных шкарпэтак, шарсцяныя шкарпэткі, штаны, кашулю ці кофту, плашч-дажджавік, шапку, пальчаткі, шалік і зручны абутак.

15. Намёт, поліўрэтанавы дыванок, спальны мяшок (калі дазваляе месца).

16. Сродкі гігіены: зубную шчотку і пасту, невялікі кавалак мыла, ручнік (бываюць прасаваныя паходныя), туалетную паперу, некалькі пачкаў сухіх і вільготных сурвэтак, сродкі інтымнай гігіены, брытву, манікюрны набор, антысептык.

17. Аптэчку.

Што павінна быць у аптэчцы?

Если завтра война: инструкция на случай худшего сценария

1. Актываваны вугаль.

2. Парацэтамол.

3. Пенталгін.

4. Супрастын.

5. Лаперамід.

6. Альбуцыд.

7. Кроплі для вачэй.

8. Лекі, якія вы самі рэгулярна прымаеце. Пераканайцеся, што ў іх не скончыўся тэрмін прыдатнасці. Таксама захоўвайце ў аптэчцы рэцэпты на лекі і кантактавыя звесткі сваіх лекараў.

9. Сухі і медыцынскі спірт.

10. Дзве пары гумовых пальчатак.

11. Клапан з плёнкай для правядзення штучнага дыхання.

12. Сродкі для спынення крывацёку. Напрыклад, бінт для спынення крыві з гемастатычным сродкам.

13. Марлевыя сурвэткі розных памераў і нестэрыльныя марлевыя бінты.

14. Эластычныя бінты з магчымасцю фіксацыі.

15. Пластыры розных памераў.

16. Атраўматычныя нажніцы для разразання на пацярпелым чалавеку адзення.

17. Кавалак тканіны, якім можна зафіксаваць канечнасць пацярпелага.

Што павінна быць дома?

Если завтра война: инструкция на случай худшего сценария

Ежа. Яна павінна быць пажыўнай, працяглага захоўвання і не патрабаваць для прыгатавання шмат вады. Гэта розныя кансервы, соусы, сокі, макарона хуткага прыгатавання, распушчальнае бульбяное пюрэ, рыс і крупы. Хлеб доўгага захоўвання: хлебцы, крэкеры, лаваш або тартыллі. Спатрэбяцца гарбата, кава, шакалад, энергетычныя батончыкі, арэхі. З гародніны — бульба, капуста і морква.

Вада. Трэба запасціся з разліку тры літры на чалавека ў суткі. Павінна быць магчымасць яе закіпяціць (калі не ўпэўненыя ў яе чысціні). Ваду варта захоўваць у пластыкавых бутэльках і вёдрах з накрыўкамі. Можна замарозіць ваду, але перш чым паставіць яе ў маразільнік, трэба пакінуць у ёмістасці да 20% вольнага месца, таму што размарожаная вада павялічваецца ў аб'ёме.

Цяпло. Яго захаванне важнае ў халодную пару года: асабліва калі ў доме адключаць электрычнасць і ацяпленне. Трэба запасціся шарсцяным адзеннем, цёплымі курткамі і штанамі, шапкамі, шалікамі, рукавіцамі, коўдрамі, спальнымі мяшкамі, свечкамі, запалкамі або запальніцамі, батарэйкамі і парафінавымі або газавымі награвальнікамі.

Калі ў памяшканні стане холадна, варта завесіць коўдрамі вокны, сабрацца ўсім у адным пакоі, заслаць коўдрамі або дыванамі падлогу ў ім. Можна завесіць коўдрамі стол і сабрацца пад сталом. Толькі трэба не забываць праветрываць памяшканне і тушыць на ноч свечкі і абагравальнікі, каб пазбегнуць пажару.

Сувязь. Падрыхтуйце радыё на батарэйках, паўэрбанкі, мабільныя зараднікі, якія могуць працаваць ад аўтамабільнай разеткі. Запішыце на аркушы паперы важныя тэлефонныя нумары.

Ёсць яшчэ адзін універсальны лайфхак для дома: наклеіць на вокны ахоўныя палосы са скотчу. Гэта зробіць іх больш устойлівымі да выбуховых хваляў: абломкаў шкла будзе менш і яны не будуць разлятацца па пакоях.

Як гаварыць з дзецьмі пра вайну?

Если завтра война: инструкция на случай худшего сценария

Псіхолагі раяць не хаваць сітуацыю ад дзяцей і не рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Правесці размову з дзіцем трэба, калі ўся сям'я збярэцца разам. Бацькі павінны гаварыць спакойна і павольна.

Дзіцяці варта сказаць, што ў сваім дзяцінстве вы таксама перажывалі такі досвед, але не былі да яго гатовыя. І калі б у дзяцінстве мелі б патрэбныя веды, то справіліся б значна лягчэй.

Таксама важна сказаць дзіцяці, што страх — гэта нармальна, і вам таксама бывае страшна. Але вы дарослы, вы шмат ведаеце, таму разам вы з усім справіцеся.

Правілы псіхолаг раіць спачатку растлумачыць, на наступным этапе — прыцягваць дзіця да гульні па іх, і ўжо пасля гэтага замацоўваць веды ў дзеянні.

Важна, каб дзіця ведала свае імя, прозвішча, адрас, імёны бацькоў і памятала, дзе запісаныя нумары тэлефонаў. Пры неабходнасці можна зрабіць бранзалет з нумарамі бацькоў.

Дзе прайсці курсы першай медыцынскай дапамогі?

Если завтра война: инструкция на случай худшего сценария

Пажадана, каб у вашай камандзе быў хоць бы адзін чалавек, які можа аказаць першую медыцынскую дапамогу. У Беларусі некалькі арганізацый праводзяць навучанне, якое можа прайсці кожны ахвотны. Усе яны лёгка гугляцца. Цэны за такія курсы — ад 75 рублёў.

Калі няма часу і/або лішніх сродкаў, то заўсёды можна паспрабаваць знайсці бясплатныя навучальныя відэа ў інтэрнэце. На сваю рызыку, вядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі