Андрэй Стрыжак з #BYCOVID19 пакінуў Беларусь. Не хвалюйцеся — адпачне і вернецца

Андрэй Стрыжак / Еўрарадыё
Андрэй Стрыжак / Еўрарадыё

Праваабаронца і каардынатар кампаніі #BYCOVID19 Андрэй Стрыжак разам з сям'ёй з'ехаў ва Украіну. "Пакуль з любімай краінай трэба пабыць на адлегласці", — так ён пракаментаваў сваё рашэнне. 

— Сябры, апошнія паўгода былі аднымі з самых напружаных у маім жыцці. Многае зроблена і дасягнута і многае яшчэ наперадзе. Сігналы, якія мне пасылаў Сусвет, казалі пра тое, што мне трэба на час пакінуць краіну. Што я і зрабіў,тлумачыць на сваёй старонцы ў Facebook Стрыжак. — Кампанія # BYCOVID19, у якой я ўдзельнічаў дыстанцыйна, амаль усе тры месяцы седзячы ў Гомелі, ад гэтага не пацярпіць. Працуем далей! Убачымся з вамі крыху пазней. Так трэба.

Валанцёр запэўнівае, што яго рашэнне з'ехаць не звязанае з кампаніяй # BYCOVID19. Паводле яго словаў, ніякіх афіцыйных прэтэнзій, звязаных з валанцёрскай дзейнасцю, яму не паступала. 

— Можна лічыць гэта доўгачаканым адпачынкам. Такая магчымасць разглядалася даўно. Канчатковае рашэнне з'ехаць на час з Беларусі звязанае толькі з маім добра аргументаваным жаданнем пабыць па-за межамі краіны ў гэты складаны момант. 

Што далей — пакажа час, дата вяртання ў Беларусь адкрытая. Пакуль з любімай краінай трэба пабыць на адлегласці, — дадаў праваабаронца. 

Нагадаем, на мінулым тыдні кампанія #BYCOVID19, якая тры месяцы забяспечвала беларускіх медыкаў усім неабходным для барацьбы з каранавірусам, абвясціла аб завяршэнні актыўнай фазы дзейнасці. За гэты час валанцёры ініцыятывы завезлі ў бальніцы па ўсёй краіне 450 000 адзінак сродкаў індывідуальнай абароны і 1500 адзінак медыцынскай тэхнікі. Усё гэта было набыта за грошы звычайных беларусаў — яны скінуліся, і ў выніку атрымалася сума ў 335 000 даляраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі