Іван Кірчук: Беларусы — нацыя, якая заўсёды спявала, ад нараджэння і да смерці

Іван Кірчук: Беларусы — нацыя, якая заўсёды спявала, ад нараджэння і да смерці

16 снежня этна-трыа "Троіца" грае вялікі калядны сольнік у сталічным тэатры эстрады. У студыі Еўрарадыё лідар каманды Іван Кірчук абяцае, што выступ складуць як новыя эксперыментальныя "сюітныя" творы гурта, так і класіка. А яшчэ Іван Іванавіч прызнаецца, што з Новага года "Троіца" пачне збіраць грошы на запіс новай кружэлкі і распавядае цікавосткі пра Каляды, варажбу і спеўную беларускую нацыю.

Слухаць размову цалкам:

Самыя цікавыя цытаты:


Пошук грошай паказвае, што мы не збяром суму ў 15 тысяч долараў, патрэбную для запісу альбома на варшаўскай студыі. Мы абышлі мінскія студыі, і відаць, на пачатку года пачнём, як знакамітыя гурты і нават, як Саладуха, жабраваць і збіраць на запіс праз краўдфандынг.


Калі браць ранейшыя працы, "Сон-трава", "Журавы", "Сем", яны былі больш спантаннымі, хаця над імі таксама шмат думалі. Цяпер у нас выбудоўваюцца фальклорныя сюіты, кампазіцыі, якія пераходзяць адна ў адну. Мне здаецца, што выпускаць сінглы нам ніяк не падыходзіць.


Не хачу быць міністрам культуры, бо гэта вялікая адказнасць і трэба ўсім дапамагаць. А калі сродкаў няма, можна дзесяць міністраў змяніць і нікому не дапаможаш. Я быў некалі дырэктарам цэнтра этнаграфіі "Каляндар", быў прэзідэнтам міжнароднага фонду "Зберажы спадчыну", але гэты этап пройдзены — я павінен займацца музыкай і спяваць беларускія песні.


Як даведацца, адкуль будзе жаніх? Бабулькі распавядалі, што трэба ўзяць палку, трымаць яе ў правай руцэ, абегчы вакол яе тры разы і адпусціць. Куды ўпадзе — з таго боку і жаніх будзе. Такой можа быць варажба. Але трэба памятаць, што па традыцыі варажыць было вельмі грэшна. І людзі, якія гэта рабілі, абавязкова павінны былі акунуцца ў палонку на Вадохрышча. Вось адкуль гэтая традыцыя, а не тое, што мы бачым па тэлебачанні, калі рота салдат у гэты дзень лезе ў палонку. Салдат кожны дзень мусіць аблівацца халоднай вадой!

 

Іван Кірчук: Беларусы — нацыя, якая заўсёды спявала, ад нараджэння і да смерці

Беларусы — акурат тая нацыя, якая заўсёды спявала, ад нараджэння і да смерці, не было перапынкаў.
Мы неадукаваныя ў фальклоры, мы ведаем, можа, два адсоткі ад таго, што існуе. Трэба даведацца пра традыцыі сям'і і пераказваць гэта сваім дзецям і ўнукам.


Не прыцягвайце кітайскае ці японскае — яно прыгожае, як тыя ж сушы, але гэта не наша. Ёсць і наша, таксама смачнае і цікавае.


Мы ведаем, што хрысціянству дзве тысячы гадоў, але не ведаем, колькі тысячагоддзяў паганскім рытмам. Мы спяваем хрысціянскую "А ўчора з вячора засвяціла зора", паганскую "Ішла Каляда Калядуючы" ці "Купала на Йвана". Купалле — паганскае боства, а Іван — Хрысціцель. Жыве і тое, і тое ў песнях і абрадах, і гэтым трэба ганарыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі