Вы тут

Ішоў па падарунак для таты — за што медбрату БХМД далі 25 сутак арышту

Дом правасуддзя ў Мінску / Еўрарадыё

Суд Ленінскага раёна Мінска напярэдадні пастанавіў пакараць медбрата Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Яўгена Вашкевіча 25 суткамі арышту. Суд палічыў, што ён парушыў адразу два артыкулы КаАП аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі.

На судзе Вашкевіч віну не прызнаў. Паводле яго слоў, ні ў якім масавым мерапрыемстве ён не ўдзельнічаў, ішоў у ГУМ па падарунак для бацькі.

Па дарозе яго "выкралі невядомыя людзі, зацягнулі ў машыну, і толькі там сказалі, што яны міліцыя", цытуе Вашкевіча тэлеграм-канал праваабаронцаў.

У якасці сведкі выступаў міліцыянт. Ён расказаў, што органы атрымалі інфармацыю, нібыта ў нядзелю "будзе пікетаванне". На пытанне суддзі, як сябе пазначалі ўдзельнікі акцыі, сведка адказаў: "Пакет "суседзі" і маска". А паколькі Вашкевіч "пазначыў сябе, як трэба", супрацоўнік міліцыі вырашыў, што медык таксама ўдзельнічае ў пікеце.

Судзьдзя пыталася міліцыянта і аб тым, ці папярэджваў ён імаверных удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства пра тое, што яны парушаюць закон. "Рупара не было, але я стараўся гучна гаварыць", — адказаў сведка. На ўдакладняльнае пытанне, ці дакладна Вашкевіч чуў папярэджанне, міліцыянт заўважыў: "Думаю, павінен быў чуць, слых у яго ёсць".

Абапіраючыся ў тым ліку на гэтыя паказанні, суддзя Марына Клімук палічыла віну медыка даказанай і адправіла яго ў ізалятар на 25 сутак.

Усяго ў нядзелю ў Мінску было затрымана каля 170 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.