У журы амерыканскай кінапрэміі "Залаты глобус" запрасілі беларуску

Ірэна Кацяловіч / Nadia Buzhan, facebook.com/solant.a

У журы прэстыжнай амерыканскай кінапрэміі "Залаты глобус" упершыню ўвайшла грамадзянка Беларусі — Ірэна Кацяловіч. Гэта беларускі кінакрытык, культуролаг і журналістка.

Па словах Ірэны, якія перадае "Наша Ніва", пра запрашэнне ў журы яна даведалася з ліста на электронную пошту за подпісам прэзідэнткі HFPA Хэлен Хонэ. Запрашэнне ў журы "Залатога глобуса" новых чальцоў — разавая ініцыятыва, прымеркаваная выключна да 80-й цырымоніі.

Матывы гэтага запрашэння беларуска тлумачыць так: "Напэўна, гэта было справакавана крытыкай, якой апошнім часам падвяргаецца Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы за недастатковую разнастайнасць у колах тых, хто прысуджае адну з галоўных прэмій у свеце вялікага камерцыйнага кіно".

Кацяловіч кажа што ў Лос-Анджэлес не паедзе, бо сябраў журы не запрасілі на цырымонію ўручэння. "Асацыяцыя плануе шэраг мерапрыемстваў у Еўропе, але падрабязнасці гэтага пакуль невядомыя", — дадае яна.

Як сябра журы Ірэна атрымае доступ да вялізнай колькасці фільмаў. Па словах беларускі, з ёй ужо кантактуюць студыі ды ўладальнікі аўтарскіх правоў, каб даць доступ да анлайн-праглядаў.

Сама дзяўчына называе важным, што Беларусь і прадстаўнікі Беларусі з'яўляюцца ў міжнародных ініцыятывах, у тым ліку такіх "глянцавых" падзеях.

Ірэна Кацяловіч уваходзіла ў склад журы на кінафестывалях у Беларусі, Германіі, Харватыі, Польшчы. Раней яна працавала ў рэдакцыі "Нашай Нівы", цяпер — на тэлеканале "Белсат".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.