"Іх у расход": расійскі салдат прызнаўся ў зверствах ва Украіне

Салдат вылічылі дзякуючы фота, зробленым на ўкрадзены тэлефон / "Важные истории"
Салдат вылічылі дзякуючы фота, зробленым на ўкрадзены тэлефон / "Важные истории"

Расійскія вайскоўцы, якія ўвайшлі ў канцы лютага ў Кіеўскую вобласць, прабылі там каля месяца. Пасля іх адыходу стала вядома пра масавыя выпадкі марадзёрстваў і жорсткіх забойстваў мірных жыхароў.

Выданне "Важные истории" знайшло салдат, датычных да забойстваў мясцовых жыхароў. Зрабілі гэта дзякуючы фатаграфіям, якія вайскоўцы рабілі на ўкрадзены ў мясцовых тэлефон. Упершыню адзін з вайскоўцаў ва ўсім прызнаўся, пры гэтым не знаходзячыся ў палоне.

Салдата, які прызнаўся ў забойствах, завуць Данііл Фролкін, ён яфрэйтар часці 51460. Ён расказаў выданню, як яго часць увайшла ва Украіну. "Важные истории" пагаварылі з ім двойчы: у першай гутарцы ён казаў пра марадзёрства, што бралі толькі "ўсякую фігню", хоць і прызнаў, што намеснік камандзіра па тыле краў з крамаў халадзільнікі, красоўкі і вопратку. Тады ён адмаўляў забойства жыхароў Андрэеўкі.

"Их в расход": российский солдат признался в зверствах в Украине
Данііл Фролкін — у верхнім левым куце / "Важные истории"

Але праз пару гадзін пасля першай размовы Фролкін прапанаваў стэлефанавацца ў месенджары ў відэа. Ён сам папрасіў уключыць запіс.

— Я, вайсковец вайсковай часці 51460, гвардыі яфрэйтар Фролкін Данііл Андрэевіч, прызнаюся ва ўсіх злачынствах, якія я здзейсніў у Андрэеўцы, у расстрэле цывільнага насельніцтва, абкраданні цывільнага насельніцтва, канфіскацыі ў іх тэлефонаў і ў тым, што наша камандаванне ў х*й не ставіць нашых байцоў, усю пяхоту, якая б'ецца на перадавой, на лініі фронту.

Ён таксама назваў імёны камандзіраў, якія вінаватыя ў гібелі расійскіх вайскоўцаў і дрэнным кіраванні, а таксама таго начальніка, які даваў загад забіваць мірных жыхароў.

Журналіст удакладняе ў Данііла, што ён мае на ўвазе, калі прызнаецца"ў расстрэле цывільнага насельніцтва". Ён расказвае, што ў сакавіку (дакладную дату ён не можа ўспомніць) камандзіры папрасілі яго і яшчэ некалькіх радавых суправадзіць іх на ператрусе ў дамах траіх жыхароў Андрэеўкі.

— Мы завялі іх у тры дамы, яны паказалі дамы. У дамах былі не іх фатаграфіі. То-бок гэта не іх дамы былі па факце. Трэці наогул у разваліне ў нейкай жыў. Пры іх быў пачак грошай: грыўні, баксы, усякая х**ня. Падпалкоўнік, які быў з намі, Аляксандр Пракурат, забраў гэтыя грошы сабе, а астатняе — дакументы, тэлефоны — аддаў нам і сказаў: "Іх у расход" [забіць. — Еўрарадыё.]. Усё, я пайшоў і [аднаго з іх] у расход пусціў.

Пры гэтым вайсковец перакананы, што забіты мужчына "здаваў" каардынаты калон расійскага войска. Зрэшты, гэта не рабіла мясцовага жыхара легітымнай цэллю — яго забойства ўсё роўна ёсць ваенным злачынствам.

— Ты яго застрэліў, таму што ты помсціў за сваіх?

— Так. Я разумею, што помста — гэта х**вая фішка, але я помсціў і разумеў, на што я іду. Гэта адзіны чалавек, якога я забіў, за ўсе сем месяцаў, колькі спецаперацыя доўжыцца. Я выратаваў 86 чалавек, забіў аднаго, — пераконваў Данііл.

У канцы ліпеня Данііл падаў заяву на звальненне са службы. Ён не ведае, чым зараз будзе займацца.

— Я разумею, што мяне могуць пасадзіць за ўсю гэтую інфармацыю, — кажа ён. — Нават не за тое, што я ўсю вось гэтую х**ню ва Украіне тварыў. А за тую інфармацыю [пра камандаванне]. Я хачу проста прызнацца ва ўсім і растлумачыць тое, што адбываецца ў нашай краіне. Я думаю, што лепш бы гэтай вайны наогул не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі