Іх норавы: выратаваць Нотр-Дам, перамагчы лобі і скончыць з пірацтвам

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Галоўная і ва ўсіх сэнсах сусветная навіна гэтага тыдня — Украіне і Малдове прысвоілі статус кандыдатаў у ЕС. Гэта не значыць, што ў ЕС яны акажуцца проста заўтра — могуць прайсці гады і нават дзесяцігоддзі.

А вось Еўрарадыё, у адрозненне ад еўрапейскіх чыноўнікаў, шануе час — і ваш час таксама. Таму кожную пятніцу мы вельмі коратка расказваем пра падзеі ў свеце. У вас ёсць пяць хвілін? Тады чытайце.

Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе.

"Сёння вечарам пасля 28 гадоў бяздзейнасці чальцы Кангрэса сабраліся разам, каб прыслухацца да закліку сем'яў па ўсёй краіне і прыняць закон, накіраваны на барацьбу з гвалтам з ужываннем агнястрэльнай зброі ў нашых супольнасцях", — гэта прэзідэнт ЗША Джо Байдэн хваліць Сенат, які ўсё ж змог прыняць законапраект аб кантролі над агнястрэльнай зброяй.

Законапраект уводзіць больш жорсткія праверкі для пакупнікоў зброі, маладзейшых за 21 год. Таксама кіраўніцтва кожнага штата паасобку заклікаюць адбіраць зброю ў людзей, якія могуць уяўляць пагрозу, піша ВВС. Мы спрабуем пазбегнуць гучных слоў, але гэта фактычна перамога над збройным лобі.

У Сенаце дэмакратаў падтрымалі 15 рэспубліканцаў. Цяпер закон мусіць ухваліць ніжняя палата Кангрэса. Яе кантралююць дэмакраты, так што ў закона ёсць усе шанцы быць прынятым ужо вось-вось.

На жаль, у гэтай перамогі дэмакратаў над лобі трагічная перадгісторыя. Законапраект быў прыняты пасля масавых расстрэлаў, якія адбыліся ў мінулым месяцы: у супермаркеце ў Буфала і ў пачатковай школе ў штаце Тэхас. Загінуў 31 чалавек.

 

Выратаваць Нотр-Дам

Навіны з мінулага жыцця. Тры гады таму, калі яшчэ не было ні вайны ва Украіне, ні пандэміі, а Талібан яшчэ не прыйшоў да ўлады ў Афганістане, увесь свет глядзеў на Парыж. У Парыжы гарэў Нотр-Дам.

Их нравы: спасти Нотр-Дам, победить лобби и покончить с пиратством
Сабор Парыжскай Божай Маці / pixabay

Прайшло тры гады. І французская кампанія Ubisoft выпусціла VR-гульню "Выратуйце Нотр-Дам", піша часопіс "Правила жизни". Гэта квэст з элементамі галаваломак. Памятаеце, як увесь Фэйсбук даваў парады французскім пажарным? Парадай адзначыўся нават Дональд Трамп. І так, Трампа тады яшчэ не заблакавалі — вось як даўно гэта было.

Дык вось, усе дарадцы, якія лічылі, што пажарнікам трэба проста выліць на дах сабора як мага больш вады, цяпер могуць паспрабаваць патушыць пажар! Трэба не толькі патушыць агонь, але і выратаваць рэліквіі, сярод якіх — цярновы вянок.

Але ў Беларусі ёсць і свой Нотр-Дам. Купал Будслаўскага касцёла, які гарэў год таму, аднаўлялі ўсёй краінай. І 1 ліпеня пройдзе Будслаўскі фэст, які ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Так што калі "ві-ар" не для вас, вы ведаеце, што рабіць.

 

Усё яшчэ пірацтвуеце?

Netflix абвясціў пра чарговае скарачэнне працоўных месцаў — і ўсё праз страту падпісчыкаў, піша ВВС. Стрымінгавы сэрвіс змагаецца з канкурэнтамі, а яшчэ — са сваімі ж гледачамі, якія любяць дзяліцца паролямі з сябрамі і разбураюць бізнес-схему.

Их нравы: спасти Нотр-Дам, победить лобби и покончить с пиратством
Netflix / pixabay

Netflix усё яшчэ застаецца лідарам на рынку стрымінгавага вяшчання, але ў апошнія гады ён сутыкнуўся з жорсткай канкурэнцыяй. Запусціліся платформы Disney Plus і Prime Video ад Amazon. А тут яшчэ і вы паролямі дзеліцеся.

Але калі вы з тых, хто зноў забыў адмяніць падпіску на Netflix, суцяшайце сябе ў гэтым месяцы тым, што збераглі чыёсьці працоўнае месца.

 

І кропка

Расіянам казалі: калі са складаў распрададуць усе запасы "Кока-колы", новай не завязуць. Пакупнікі дакладваюць: "Кока-кола класік" сапраўды знікае з прылаўкаў. Але на іх з'яўляецца "Кока-кола класікалык", піша часопіс "Правила жизни".

"Кока-кола класікалык" — гэта тая ж кола, але вырабленая ў Кыргызстане. Пакупнікі кажуць, што смак у яе той самы, што і ў звычайнай колы. Ці, як кажуць цяпер у Расіі, "Смачна. І кропка".

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі