Іх норавы: французская выведка, турэцкае правасуддзе і засмучэнне Дэпардзьё

Кароткі агляд сусветных навін ад Еўрарадыё / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін ад Еўрарадыё / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Сурок Арчы з Маскоўскага заапарка зрабіў тое самае, што шмат хто з вас. Прачнуўся, прачытаў навіны — і ўцёк. Яго да гэтага часу шукаюць.

Гэта рэгулярны кароткі агляд сусветных навін ад Еўрарадыё.
 

Крэмль гатовы растлумачыць Дэпардзьё, што да чаго

Французскі актор Жэрар Дэпардзьё назваў дзеянні Уладзіміра Пуціна ва Украіне "вар'яцкімі, непрымальнымі". І сказаў, што расіяне не нясуць адказнасці за паводзіны свайго прэзідэнта. Нагадаем, "расіяне" — гэта і сам Дэпардзьё.

У 2013 годзе французскі актор атрымаў расійскі пашпарт з рук Пуціна на чарнаморскім курорце, у Сочы. Удзельнікі дзейства абняліся, паціснулі адзін аднаму рукі, і Дэпардзьё назваў Расію "вялікай дэмакратыяй". У 2014 годзе актор падтрымаў анексію Крыма, і Украіна забараніла яму ўезд у краіну.

Их нравы: французская разведка, турецкое правосудие и огорчение Депардье
Жэрар Дэпардзьё і Уладзімір Пуцін

А потым "вялікая дэмакратыя" напала на Украіну. Дэпардзьё кажа, што расіяне тут ні пры чым і не адказваюць за вар'яцкія і непрымальныя дзеянні сваіх лідараў, напрыклад, Уладзіміра Пуціна.

Дэпутат Дзярждумы Хамзаеў лічыць, што Дэпардзьё трэба пазбавіць грамадзянства за яго заявы пра Украіну, а яго нерухомасць у Расіі перадаць дзецям-сіротам. А прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў выказаў здагадку, што "Дэпардзьё не зусім разумее, што адбываецца ва Украіне, паколькі не паглыблены ў палітычны парадак дня", піша РИА Новости.

Крэмль, зрэшты, гатовы "пры неабходнасці растлумачыць яму становішча рэчаў". Што ж, з іншымі расіянамі Крэмль цырымоніўся менш.
 

Хто не змог прадказаць вайну ва Украіне

Хутчэй за ўсё, вы не змаглі прадказаць вайну ва Украіне. Кіраўнік французскай вайсковай выведкі генерал Эрык Відо — таксама не змог. І неўзабаве страціў сваю пасаду. Французская выведка прыйшла да высновы, што расійскае ўварванне "малаімавернае".

Ваенная крыніца агенцтва AFP апраўдвае генерала Відо. Маўляў, задача яго службы была ў тым, каб даваць інфармацыю пра аперацыі, а не пра "намеры" расіян. І служба генерала якраз прыйшла да правільнай высновы: у Расіі ёсць неабходныя для ўварвання ва Украіну сродкі.

А "ўлезці ў галаву Пуціну" — гэта ў задачы вайсковай выведкі не ўваходзіць. З гэтым не справіўся і Эмануэль Макрон, які асабіста бачыўся з расійскім прэзідэнтам напярэдадні вайны.

Успомнім сюжэт Еўраньюс:

Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Эмануэля Макрона

Зрэшты, цалкам магчыма, што французскі генерал пацярпеў зусім і не за Украіну. Яго службу ўжо крытыкавалі. Памятаеце, як паўгода таму пасварыліся Францыя, Вялікабрытанія, ЗША і Аўстралія?

Апошнія тры заключылі пакт АУКУС за спінай у Парыжа. Францыя лічыць, што яе падманулі, пазбавілі выгадных кантрактаў на пастаўку падлодак у Аўстралію. І пра пакт высокія французскія чыны даведаліся з навін. Куды глядзела вайсковая выведка? Зрэшты, генерал Відо да таго моманту ўзначальваў яе ўсяго пару тыдняў.
 

"Бесхрыбетныя"

Турэцкі пракурор папрасіў суд спыніць завочны судовы працэс над 26 грамадзянамі Саудаўскай Аравіі па справе аб забойстве журналіста Джамаля Хашогі. У 2018 годзе журналіст зайшоў у консульства Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле — і больш адтуль не выйшаў. Яго нявеста чакала яго ля ўвахода ў консульства шмат гадзін.

Калі вы чыталі навіны ў 2018 годзе, напэўна памятаеце і жахлівыя падрабязнасці гэтага забойства. ААН прыйшла да высновы, што пятнаццаць саудаўскіх агентаў забілі журналіста проста ў будынку консульства, а яго цела расчлянілі.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган тады зрабіў цалкам адназначныя заявы: ён сказаў, што Хашогі быў "забіты эскадронам смерці", пасланым з Эр-Рыяда.

Их нравы: французская разведка, турецкое правосудие и огорчение Депардье
Джамаль Хашогі / April Brady

Наследны прынц адмаўляў, што быў замяшаны ў справе, і асабіста загадаў правесці расследаванне. Праўда, экстрадаваць абвінавачваных адмовіўся, а суды зрабіў закрытымі.

Турцыя адпрэчыла гэтыя "каралеўскія" вынікі правасуддзя. І амаль два гады ў Стамбуле завочна судзілі 26 саудаўскіх чыноўнікаў. Іх абвінавачвалі ў наўмысным забойстве і знішчэнні доказаў. У лік абвінавачваных уваходзяць былы старшы дарадца прынца Мухамеда і экс-намеснік начальніка выведкі.

Але, відаць, цяпер адносіны паміж Турцыяй і каралеўствам наладжваюцца. І турэцкі пракурор палічыў, што Эр-Рыяд сам у стане з усім разабрацца.

"Мы ўсе ведаем, што мясцовыя ўлады нічога не зробяць. Як можна чакаць, што забойцы правядуць уласнае расследаванне?" — сказала нявеста забітага журналіста Хаціджэ Чэнгіз.

У Amnesty International у дачыненні да Турцыі выказаліся больш адназначна.

— Бесхрыбетныя.

 

І больш ні слова пра Оскар

Нам давядзецца расказаць пра Уіла Сміта — і больш не будзем вяртацца да гэтай тэмы. Сацсеткі на гэтым тыдні актыўна абмяркоўвалі скандал на "Оскары". Актор ударыў коміка Крыса Рока проста на цырымоніі за жарт пра сваю жонку.

Высветлілася, што паліцыя была гатовая арыштаваць Сміта проста на цырымоніі. Афіцэры спыталі коміка, ці хоча ён, каб былі прынятыя меры, паліцэйскія пачалі пералічваць варыянты.

Прадзюсар шоу пераказаў, як усё было:

"Крыс вельмі грэбліва ставіўся да гэтых варыянтаў. Ён такі: "Не, я ў парадку". Ён такі: "Не, не, не".

І не, не, не — на гэтым тыдні больш ні слова пра "Оскар".
 

Сурок прачнуўся, пачытаў навіны — і ўцёк

Сурок Арчы ў Маскоўскім заапарку заўсёды прачынаўся першым. За ім — самкі Найгайна і Сара. Але сёлета Арчы спаў даўжэй за ўсіх. А калі прачнуўся і пачытаў навіны ў тэлеграме — уцёк з вальера.

Работнікі заапарка паднялі камеры назірання і высветлілі, што Арчы выкапаў тунэль у чужыя вальеры. Ён зазірнуў да птушак, вялікіх пандаў і чубатых гока — гэта такія паўднёваамерыканскія птушкі. Мяркуючы па ўсім, у паўднёваамерыканскага грызуна пунчана Арчы таксама пабываў, таму што ў яго вальеры таксама выявілі дзірку. І ён таксама знік.

Дзе цяпер Арчы і паўднёваамерыканскі грызун пунчана, незразумела. Цалкам магчыма, што ў дарозе да паўднёваамерыканскай мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі