Хто яна — суддзя Жывіца, якая адправіла журналістаў на 13 і 15 сутак

Хто яна — суддзя Жывіца, якая адправіла журналістаў на 13 і 15 сутак

Суддзя Алена Жывіца набыла сумную вядомасць толькі сёлета. Да 2020-га пра яе дзейнасць амаль нічога не вядома, акрамя таго, што ў 2018-м яна прайшла ў БДУ спецыяльную падрыхтоўку на пасаду суддзі, а у 2019-м была прызначана працаваць у суд Кастрычніцкага раёна.

Але ўжо на пачатку гэтага студзеня Жывіца была адной з тых, хто судзіў удзельнікаў акцый за незалежнасць. Тады яна пакарала вялізарнымі штрафамі палітыка Мікалая Казлова.

У чэрвені Жывіца судзіла ўдзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў: блогер Эдуард Пальчыс тады атрымаў 15 сутак арышту, а 83-гадовы паэт Ян Грыб — штраф у памеры 1080 рублёў.

А вось у канцы жніўня Жывіца атрымала досвед суда над журналістамі: яна вяла справы аб "правапарушэннях" фатографа Аляксандра Васюковіча ды карэспандэнткі Белсата Кацярыны Андрэевай. Тады справы былі адпраўленыя на дапрацоўку.
 

19 кастрычніка ёй быў давераны разгляд адміністрацыйных справаў супраць яшчэ пяці журналістаў

Нягледзячы на розныя абставіны затрымання і нават тое, што журналісты былі затрыманыя ў розныя дні, суддзя Жывіца прысудзіла ўсім пяцярым амаль аднолькавыя тэрміны. Затрыманай у суботу, 17 кастрычніка журналістцы Onliner.by Дар'і Спевак — 13 сутак, затрыманым у той жа дзень Вадзіму Заміроўскаму (БелаПАН і TUT.by) і Усеваладу Зарубіну (БелаПАН і TUT.by) — па 15 сутак. Затрыманым на наступны дзень, 18 кастрычніка, Арцёму Маёраву ("Белорусы и рынок"), і Алесю Любенчуку — па 15 сутак.

На разгляд справы Арцёма Маёрава ў суддзі пайшло блізу паўгадзіны. Перад абвяшчэннем свайго рашэння яна нават не выходзіла ў дарадчы пакой.

У матэрыялах справы Арцёма былі відавочныя супярэчнасці. На хлопца склалі два пратаколы: аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (на журналіста!) і аб непадпарадкаванні законнаму патрабаванню супрацоўніка органаў унутраных справаў. Згодна з другім пратаколам, у 14:30 18 кастрычніка журналіст не падпарадкаваўся патрабаванню міліцыянта сыйсці з месца, дзе парушаўся грамадскі парадак. Але згодна з першым пратаколам, а 14-й ён ужо быў затрыманы падчас масавага мерапрыемства!

Адвакат журналіста звярнуў увагу суддзі на гэтыя і іншыя абставіны і хадайніцтваў аб накіраванні справы на дапрацоўку. Але суддзя адхіліла хадайніцтва і пакарала журналіста суткамі арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі