Хто сапраўдны беларус: той, хто ціха сядзіць у Беларусі, ці той, хто з'ехаў?

Хто сапраўдны беларус: той, хто ціха сядзіць у Беларусі, ці той, хто з'ехаў?

Беларускіх палітэмігрантаў папракаюць тым, што яны з’ехалі з Беларусі, страцілі сувязь с рэчаіснасцю і ўвогуле не разумеюць, як цяжка тым, хто застаўся. Маўляў, добра вам там “у сваіх Польшчах” разважаць, як жыць і што трэба рабіць. А мы тут гераічна трываем, ходзім на працу і на суботнікі.

Атрымліваецца, што калі чалавек з’ехаў ад рэпрэсій у іншую краіну, то ён ужо і не сапраўдны беларус?

— Ніхто не робіцца героем ад таго, што ён з’ехаў ці застаўся, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё аналітык Вадзім Мажэйка. — Само па сабе гэта нікога не зрабіла ні лепшым, ні горшым. І там і там ёсць свае плюсы і мінусы, свае выпрабаванні. Вельмі лёгка лічыць, што, маўляў, я такі класны-разумны з’ехаў, а вы, дурні, засталіся. Ці наадварот: я герой, бо сяджу ў Беларусі, а вы з’ехалі, і таму вы здраднікі. Гэта няслушныя і ні да чога карыснага не вядучыя розніцы.

Хваля палітычнай іміграцыі, рэлакацыі беларусаў была, мякка кажучы, штучнай. Ніхто з нас не выбіраў, хочам мы з’ехаць ці не. Калі чалавек мае рэальную пагрозу апынуцца за кратамі, то яго досыць амаральна абвінавачваць. Маўляў, ты з’ехаў, не сеў за краты, як ты можаш?!

— Ідэнтычнасць беларускага грамадства — гэта самаўспрыманне, — працягвае аналітык. — Калі ты сябе адчуваеш беларусам, калі ў цябе баліць за Беларусь, калі ты робіш нешта звязанае з гэтым, то так, ты ёсць беларус. Тое, што ты сядзіш у Беларусі, не ўмацоўвае тваю ідэнтычнасць. Сядзець у Беларусі, нічога не рабіць, баяцца сказаць слова ці рабіць нешта супертаемнае і ганарыцца, што я застаўся ў Беларусі, — асабіста для мяне гэта не варыянт.

Важна заўсёды памятаць, што любыя лініі падзелу, якія мы ўносім у беларускае грамадства, калі кажам, што “вось гэтыя — не нашыя, мы будзем канцэнтравацца вакол нейкай меншай групы”, — гэта тое, што, на жаль, на карысць рэжыму, на карысць прапагандзе, — нагадвае Вадзім Мажэйка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі