Хлопца, які "дзейнічаў з выкарыстаннем рупара", асудзілі на два гады "хіміі"

Хлопца, які "дзейнічаў з выкарыстаннем рупара", асудзілі на два гады "хіміі"

18-гадовага Матвея Будніцкага суд Першамайскага раёна Мінска 3 траўня асудзіў на два гады "хіміі", піша праваабарончы сайт "Вясна".

Суддзя Настасся Кулік прызнала трэцякурсніка Мінскага каледжа прадпрымальніцтва вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Пазоў на карысць "Мінсктранса" (каля 18 тысяч рублёў) вылучылі ў асобную грамадзянскую вытворчасць.  

Будніцкага прызналі вінаватым у тым, што 4 кастрычніка 2020-га ён удзельнічаў у масавым мерапрыемстве на праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама вуліцах Прытыцкага, Любімава, Сурганава, Кальварыйскай і Прылуцкай. У абвінавачанні сцвярджалася, быццам Мацвей "дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяннях, з выкарыстаннем рупара". У дадатак, на вуліцы Сурганава ён выйшаў на праезную частку, і гэтыя дзеянні прыпынілі работу грамадскага транспарту.

У апошнім слове Будніцкі заявіў, што прызнае сваю віну. Ён сказаў, што ўдзельнічае ў валанцёрскіх праектах, і папрасіў даць магчымасць завяршыць навучанне — не абмяжоўваць свабоду і прызначыць штраф. 

Аднак суддзя вынесла такое пакаранне, якое папрасіў пракурор — абмежаванне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі