Гродзенскі прафесар аднавіў "гістарычныя" шахматы беларусаў

Спампаваць гульню

Напрыканцы 90-х гадоў доктар медыцынскіх навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алесь Астроўскі ўзяўся за справу стварэння беларускага нацыянальнага брэнда — сувеніра, дзеля якога ў нашую краіну прыязджалі б госці нават з далёкага замежжа. У выніку доўгіх роздумаў сувенірным аб’ектам былі выбраны шахматы.

Алесь Астроўскі: “Думаеш: штосьці трэба рэгіянальнае для Беларусі зрабіць. І я вырашыў, што звычайныя шахматы можна замяніць на шахматы, зробленыя з мэтакрэлату, дзе падбіраецца каманда чмялёў і пчолаў супраць каманды шэршняў і вос. І ўсе гэтыя насякомыя ўнутры — яны свецяцца, і фігуркі ажываюць. І думаю, што, вось, цудоўны экземпляр, каб прадаваць як сувенір беларускі. І раптам падчас сну…”

У сне Алесю Астроўскаму з’явілася незвычайная драўляная дошка памерамі 9х9 замест традыцыйных 8х8, кожная клетка якой, бліжэйшая да цэнтру, ўзвышалася над папярэдняй, утвараючы такім чынам раўнабокую піраміду. А на самай вяршыні знаходзіцца “трон” — цэнтральная клетка шахматнай дошкі.



Алесь Астроўскі: “І вось, у гэтым і ёсць асноўная ідэя гэтых шахмат — у тым, каб не забіваць адзін аднаго, як гэта было раней, а значна больш мірна і значна больш адпаведна нашай рэчаіснасці захапіць уладу”.

А захапіць уладу ў самой гульні прапаноўваецца наступным чынам: дзве княжацкія дынастыі змагаюцца за вялікакняжацкую пасаду ў краіне (як, дарэчы, было не раз у гісторыі Беларусі). І заняць гэтую пасаду яны змогуць у тым выпадку, калі адзін з прадстаўнікоў радоў захопіць “трон”.



Дакладна, наяўнасць “трона” і робіць гэтыя шахматы ўнікальнымі, карэнным чынам мяняючы стратэгію гульні. У дадатак да ўсяго, у шахматы вярнуліся і старажытныя беларускія назвы фігурак. Так, “пешка” стала “ратнікам”, “ферзь” — “гетманам”, “кароль” — “князем”, “слон” — “гарматай”. Акрамя таго з’явілася і новая экзатычная фігура — “княжыч” — спадкаемца ўладара дзяржавы.

Алесь Астроўскі: “Што павінна быць у дэмакратычнай дзяржаве? Уладар свядома рыхтуе пераемніка — і нават у той сітуацыі, калі ён яшчэ ўлады амаль што не мае. Ну, і бацька прыгожа перадае ўладу сыну, альбо нейкаму спадкаемцу дзеля інтарэсаў дзяржавы”.



Канчаткова аформленыя правілы, праца над якімі ішла больш за 10 гадоў, пабачылі свет акурат 15 ліпеня 2010 года ў гадавіну Грунвальдскай бітвы. Азнаёміцца з імі можна ніжэй. Поспехаў вам у гульні ў беларускія шахматы даўніны і, верыцца, будучыні!








На фотаздымках — старажытныя шахматныя фігуркі, знойдзеныя ў Беларусі. Большасць з іх датуецца XII стагоддзем.

ПРАВІЛЫ БЕЛАРУСКІХ ШАХМАТ


— Дошка мае памер 9х9 клетак (квадрат на 81 клетку);
— Фігуры (усяго 36 фігур — па 18 з кожнага боку):
а) 9 ратнікаў
Размяшчаюцца ўздоўж поля (радок №2 у белых, у чорных — №8). Ходзяць на адну клетку наперад. Могуць ажыццяўляць “скачок” на дзве клеткі пры ўмове, што дадзены ратнік яшчэ не хадзіў. Б’юць суперніка на адну клетку па дыяганалі.
б) 2 ладдзі
Размяшчаюцца ў вуглах дошкі (клеткі A1 ды I1 для белых; A9 ды I9 для чорных). Ходзяць прама ў любы бок на любую адлегласць.
в) 2 гарматы
Размяшчаюцца на клетках справа ад левай ладдзі і справа ад гетмана (клеткі B1 ды G1 для белых; C9 ды H9 для чорных). Ходзяць па дыяганалі ў любы бок на любую адлегласць.
г) 2 вершнікі
Размяшчаюцца на клетках злева ад княжыча і злева ад правай ладдзі (клеткі C1 ды H1 для белых; B9 ды G9 для чорных). Ходзяць літарай “Г” у любы бок (3 клеткі ў адзін бок і 1 клетка ў перпендыкулярных кірунках).
д) гетман
Размяшчаецца справа ад князя (клетка F1 — белыя; D9 — чорныя). Ходзіць у любы бок і па дыяганалі на любую адлегласць.
д) княжыч
Размяшчаецца злева ад князя (клетка D1 — белыя; F9 — чорныя). Ходзіць у любы бок і па дыяганалі на 2 клеткі. Можа займаць трон і праходзіць праз яго.
е) князь
Размяшчаецца строга па цэнтры першага радку (клетка E1 — белыя; E9 — чорныя). Ходзіць у любы бок і па дыяганалі на 1 клетку. Можа займаць трон і ажыццяўляць ракіроўку.
— Ракіроўка ажыццяўляецца набліжэннем князя да любой ладдзі і “пераскокваннем” ладдзі на адваротны бок за князя. Гэтая працэдура магчыма пры ўмовах:
а) князь не павінен быць пад боем;
б) шлях ад князя да ладдзі павінен не мець бітых палёў ад фігур суперніка;
в) калі князь ці дадзеная ладдзя ўжо пахадзілі да ракіроўкі, то апошняя не магчыма.
— Цэнтральная клетка поля (E5) называецца “трон”:
а) Праз трон не дазваляецца “пераскокваць” ніводнай фігуры, акрамя вершніка і княжыча.
б) На трон маюць права ўступаць толькі князь і княжыч. Прычым пры гэтым трон не павінен быць бітым полем суперніка.
в) Пры атацы фігуры, якая знаходзіцца на троне, яна павінна злезці з трона.
— Пры забойстве князя княжыч аўтаматычна становіцца князем; гэты працэс “інаўгурацыі” лічыцца асобным ходам.
— Гулец абавязаны выратоўваць свайго князя, калі княжыч адсутнічае на полі (ён забіты). Пры адсутнасці магчымасці абараніць свайго князя, апошняму абвяшчаецца “мат”.
— Гульня заканчваецца пры ўмовах:
а) Нічыя:
— Абодва супернікі згадзіліся на нічыю.
— Зроблена тры паўтаральных хады абодвума супернікамі.
— Прайшло 50 хадоў з абодвух бакоў без узяцця якой-небудзь фігуры.
б) Перамога:
— Князь альбо княжыч аднаго з гульцоў пратрымаецца на троне адзін ход.
— Адзін з гульцоў заб’е ўсю княжацкую сям’ю (князь і княжыч).
— Мат князю.
— Адзін з супернікаў згадзіўся на паражэнне.
— У скаротах шахматныя фігуры абазначаюцца (лацінка і кірыліца адпаведна): князь (A, А), княжыч (K, К), гетман (G, Г), ладдзя (L, Л), гармата (I, I), вершнік (V, В), ратнік (r, р).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі