Гомельскага праграміста затрымалі пасля таго, як ён зрабіў польскую візу

Гомельскага праграміста затрымалі пасля таго, як ён зрабіў польскую візу

У Гомелі 28 траўня затрымалі 45-гадовага праграміста Стаса Мачалава. За дзень да гэтага ён зрабіў польскую візу, паведамляе Радыё "Свабода".

Маці праграміста Людміла Мачалава кажа, што ў іх з мужам мноства хваробаў, яны не выходзяць з дому. "У мужа арытмія: ён можа пайсці на вуліцу і ўпасці. У мяне высокі ціск і хворыя суставы. Стас — наша адзіная надзея і апора... Ён нас даглядаў, прадукты прыносіў. Цяпер ён у турме, невядома за што!" — кажа жанчына.

Стаса Мачалава ўжо затрымлівалі 24 сакавіка. Маці бачыла гэтае затрыманне праз акно. Мужчына вяртаўся з рынку, нёс два вялікія пакункі з прадуктамі. "Я назірала з акна, як яго акружылі міліцыянты, ён не супраціўляўся, нічога! Яму напісалі ў пратаколе, што ён размахваў рукамі, лаяўся матам... Хто? Стас? Усе людзі ведаюць, які ён выхаваны, дыпламатычны. Ён наогул супраць матаў! Яму далі тады 15 сутак", — распавядае маці.

Гэтым разам праграміст затрымалі на выхадзе з крамы. Да маці прыйшлі з ператрусам, які цягнуўся з 23-й да 2-й гадзіны ночы. Па словах жанчыны, сілавікі забралі тэхніку, тэлефоны і некаторае адзенне яе сына.

"Пытаюся ў следчага: за што вы забралі майго сына?. А ён кажа: а навошта ён візу рабіў?. Я кажу, што хіба гэта супрацьзаконна? Ён праз тое, што быў на сутках, згубіў працу, хацеў у Польшчу ўладкавацца. А следчы сваё: рабіў візу — значыць, хацеў збегчы! Я пыталася: ці ён што скраў, ці забіў каго? Следчы кажа, што не, але суд разбярэцца", — дзеліцца падрабязнасцямі маці Стаса.

Яна даведалася, што сына вінавацяць паводле артыкул 342 Крымінальнага кодэксу — "масавыя беспарадкі". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі