Вы тут

"Голас" абвяргае, што адбылася ўцечка даных карыстальнікаў

Спробы дыскрэдытацыі адбываюцца рэгулярна / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Платформа "Голас" абвяргае, што адбылася ўцечка даных карыстальнікаў. Раней у інтэрнэце пачалі распаўсюджваць базу нібыта з іх нумарамі. "Голас" называе здарэнне чарговай спробай дыскрэдытацыі.

"У базе даных платформы "Голас" не захоўваюцца нумары тэлефонаў карыстальнікаў, — гаворыцца ў заяве. — Усе даныя захоўваюцца ў хэшаваным выглядзе (гэта значыць, зашыфраваныя), з якога немагчыма даведацца нумар тэлефона. Доступу да нумароў карыстальнікаў няма нават у распрацоўшчыкаў".

Падобную заяву "Голас" рабіў тыдзень таму, калі напярэдадні Дня Волі з'явілася правакацыйная рассылка, мэта якой была падобная — зрабіць уражанне, што даныя карыстальнікаў платформы раскрытыя.

"Голас" звязвае чарговую правакацыю "з эфектыўнасцю працы", з даверам да платформы і беларусаў, і міжнароднай супольнасці. Як вядома, у галасаванні за перамовы ў Беларусі паўдзельнічала каля 780 тысяч чалавек. З ініцыятывы ўладаў пачалося блакаванне інтэрнэт-платформы (з тэрыторыі Беларусі яна адкрываецца толькі з дапамогай VPN).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.