Год таму затрымалі Віктара Бабарыку

Віктар Бабарыка за дзень да затрымання на сустрэчы з прыхільнікамі ў Салігорску​ /@viktarbabarykaofficial
Віктар Бабарыка за дзень да затрымання на сустрэчы з прыхільнікамі ў Салігорску​ /@viktarbabarykaofficial

18 чэрвеня спаўняецца год, як экс-кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка знаходзіцца ў зняволенні. Яго затрымалі крыху больш чым праз месяц пасля таго, як ён абвясціў аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Пра тое, што ён сыходзіць з пасады кіраўніка банка ў палітыку, Бабарыка абвясціў 12 траўня.

Віктару Бабарыке, паспяховаму банкіру і вядомаму мецэнату, удалося за некалькі тыдняў сабраць вялікую ініцыятыўную групу (амаль 9 тысяч чалавек) і набраць сур'ёзную хуткасць збору подпісаў у сваю падтрымку. За тры дні каманда экс-банкіра сабрала 50 тысяч подпісаў (пры неабходным парозе ў 100 тысяч). Да моманту падачы дакументаў у ЦВК свае подпісы за вылучэнне Бабарыка кандыдатам у прэзідэнты, паводле інфармацыі штаба, пакінулі каля 425 тысяч чалавек.

Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў яго кандыдатам — патлумачыў тым, што "у дэкларацыі не адлюстраваныя матэрыяльныя сродкі і нерухомая маёмасць, якія знаходзяцца ў яго фактычнай уласнасці і карыстанні, а таксама даходы ад дзейнасці шэрагу падкантрольных яму беларускіх камерцыйных структур". Да таго часу Віктар Бабарыка быў ужо затрыманы. Затрымалі і яго сына Эдуарда, ён быў кіраўніком ініцыятыўнай групы бацькі.

Сілавікі прыйшлі ў "Белгазпрамбанк" 11 чэрвеня. У банку прайшлі ператрусы, былі затрыманыя шэраг супрацоўнікаў і распачатыя крымінальныя справы па артыкулах "Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры"і "Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам".

Ужо пасля першых затрыманняў на той момант кіраўнік КДК Іван Церцель заявіў, што ў следства ёсць "пераканаўчыя доказы датычнасці Бабарыка да супрацьпраўнай дзейнасці".

Затрыманне Бабарыка і адмова ЦВК зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты справакавалі вулічныя пратэсты. Сталі выбудоўвацца вялізныя чэргі спачатку ў ЦВК, потым на пошту з жадаючых падаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі экс-банкіра кандыдатам у прэзідэнты. Пазней каманда Бабарыка далучылася да штаба Святланы Ціханоўскай.

Год назад задержали Виктора Бабарико
Чарга жадаючых падаць скаргу ў ЦВК на адмову зарэгістраваць Бабарыку кандыдатам у прэзідэнты / Еўрарадыё

Мінулай восенню на сустрэчу з палітычнымі зняволенымі ў СІЗА КДБ прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Віктар Бабарыка быў на гэтай сустрэчы. Пазней ён перадаў праз адвакатаў, што не лічыць гэтую размову дыялогам. Для дыялогу трэба, каб яго ўдзельнікі былі на волі і мелі роўны доступ да інфармацыйнага поля. У любым выпадку ніякага працягу гэтая сустрэча не мела.

Бабрыка да гэтага часу настойвае, што справа ў дачыненні да яго палітычна матываваная. Ён не прызнае віны і не пайшоў на здзелку са следствам. Судовы працэс над ім і іншымі топ-менеджарамі "Белгазпрамбанка" пачаўся 17 лютага. Супраць Бабарыка высунутыя абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 235 (Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і ч. 2 арт. 431 (Дача хабару).

У першы ж дзень працэсу ён выступіў з 40-хвіліннай прамовай — заявіў, што ішоў у палітыку толькі з адной мэтай, таму што хоча "жыць у краіне, дзе перамагае закон". Ён яшчэ раз назваў абвінавачванні палітычна матываванымі і адмовіўся даваць паказанні.

Адвакат Бабарыка Дзмітрый Лаеўскі каля тыдня таму падвёў вынік судовага следства па справе. Ён адзначыў, што суд адмовіўся далучаць да справы матэрыялы, якія даказваюць палітычную матываванасць працэсу. Акрамя таго, суд не стаў выклікаць на пасяджэнне двух грамадзян Латвіі, якія нібыта дапамагалі Бабарыке ўчыняць злачынствы.

На наступным тыдні 21 чэрвеня ў судзе па справе "Белгазпрамбанка" пачынаюцца судовыя спрэчкі: свае пазіцыі выкажуць абвінавачванне і абарона.

Незадоўга да затрымання Віктар Бабрыка быў героем праграмы "Кандыdating" на Еўрарадыё, дзе сярод іншага адказваў і на нязручныя пытанні: ці ёсць у яго мільён даляраў, і што ён можа сказаць тым, хто перакананы, што "Бабарыка — праект Крамля".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі