"Глупства або жаданне зарабіць?" — Лівянт аб рашэнні РІКВ ускладніць ЦТ-2021

Бланк адказаў ЦТ / sb.by
Бланк адказаў ЦТ / sb.by

Тэсты Цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы і матэматыцы сёлета будуць прыкметна складаней, сцвярджае рэпітытар Яўген Лівянт.

"У нядзелю міністр адукацыі Карпенка заявіў, што зменаў ва ўступнай кампаніі 2021 года не будзе, а ў панядзелак абітурыентаў чакаў сюрпрыз: тэсты ЦТ па матэматыцы і фізіцы значна ўскладнілі", — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook

Традыцыйна тэсты складаюцца з двух частак: часткі А, дзе трэба выбраць адказ з прапанаваных варыянтаў, і часткі В, дзе трэба рашыць задачу і знайсці свой адказ.

"Дык вось з часткі А дзве задачы прыбралі, а ў частку В дзве задачы дадалі", — піша Лівянт. Ён нагадвае, што на рашэнне 32 задач адводзіцца тры гадзіны. І ў ранейшым варыянце гэта быў цэйтнот. А рашэнне кожнай задачы з часткі В патрабуе больш часу.

"Акрамя гэтага, у заданнях часткі А цяпер можа быць некалькі правільных адказаў да задачы, а раней правільны адказ мог быць толькі адзін, гэта значыць заданні і ў частцы А ўскладнены", — адзначае рэпітытар.

Ён нагадаў пра тое, што з-за пандэміі ў мінулым навучальным годзе былі сарваныя часткова трэцяя і цалкам чацвёртая навучальныя чвэрці. Частка ўрокаў з-за хвароб зрываецца і будзе зрывацца і ў гэтым годзе.

"Чым кіраваўся РІКВ, ускладняючы ЦТ у такі цяжкі год, можна толькі здагадвацца. У мяне адназначнай версіі няма, магчыма, проста глупства, магчыма, жаданне левых заробкаў", — разважае Яўген Лівянт.

У мінулым годзе ён крытыкаваў РІКВ — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, які складае тэсты для ЦТ і РТ — за тое, што ў тэстах з'яўляюцца задачы, якія выходзяць за рамкі школьнай праграмы. Мяркуючы па ўсім, такія задачы будуць і сёлета. У якасці прыкладу ён размясціў на сваёй старонцы задачу з часткі В свежага Рэпетыцыйнага тэставання па матэматыцы, якая, паводле яго слоў, зноў "не адпавядае ні школьнай праграме, ні праграме ўступных экзаменаў".

Раней міністр адукацыі Ігар Карпенка заяўляў, што ніякіх істотных зменаў ва ўступнай кампаніі 2021 года не будзе — ва ўселякім выпадку рэалізаваць прапановы прэзідэнта аб унутраных іспытах пры паступленні ў ВНУ Міністэрства адукацыі не паспявае. Але мяркуючы па аналізе ЦТ, які зрабіў Лівянт, новаўвядзенні ўсё ж такі будуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі