"Гэта не хваля, а бясконцая плынь": новыя рэпрэсіі ў беларускіх ВНУ

Віктар Іванчанка і Уладзімір Лобач / Еўрарадыё
Віктар Іванчанка і Уладзімір Лобач / Еўрарадыё

7 красавіка быў звольнены старшы выкладчык ФІТРа БНТУ Віктар Іванчанка. Віктар адпрацаваў ва ўніверсітэце амаль 12 гадоў, мае пахвальныя лісты, граматы і ўзнагароджанні ад БНТУ. Усё было добра аж да восені 2020-га — тады мужчына разам з калегамі адкрыта заявіў пра сваю грамадзянскую пазіцыю.

— Толькі што забраў працоўную кніжку. Афіцыйная фармулёўка — "звольнены за невыкананне без уважлівых прычын працоўных абавязкаў работнікам, які мае нязнятае дысцыплінарнае спагнанне", — паказвае Еўрарадыё экс-выкладчык сваю працоўную.

“Это не волна, а бесконечный поток”: новые репрессии в белорусских вузах
Працоўная Віктара Іванчанкі / Еўрарадыё

У кастрычніку Віктар разам з калегамі запісаў відэа супраць гвалту. Пасля гэтага было зроблена дысцыплінарнае спагнанне.

— У адкрытую на пляцоўках БНТУ мы сваёй незадаволенасці не выказвалі, але пасля запісу роліка нам інкрымінавалі тое, што мы перавысілі свае службовыя абавязкі, — працягвае Віктар. — Мы выказалі сваё меркаванне пра тое, што адбываецца ў краіне. Я падпісаўся, што я работнік БНТУ. Што тут супрацьзаконнага?

“Это не волна, а бесконечный поток”: новые репрессии в белорусских вузах
Скрыншот з відэазвароту / ютуб

Далей былі зроблены яшчэ два спагнанні: за прагул і за адсутнасць на рабочым месцы ў працоўны час. Прагулам палічылі дзевяць дзён, якія выкладчык адседзеў у ізалятары ў Жодзіне.

Міліцыя і суд сышліся ў меркаванні, што Віктар "хадзіў, махаў транспарантамі, выкрыкваў лозунгі". Па яго ўласных словах, 8 лістапада ён ехаў на ровары міма Нямігі. У той дзень ён быў у спартыўнай кофце нацыянальнай зборнай Беларусі — і ўсё роўна выклікаў падазрэнні сілавікоў. Кажа, яны вырашылі, што ён "лялькавод", раз на ровары.

— Суд прызнаў, што калі я знаходзіўся пад арыштам, то гэта няўважлівая прычына [для пропуску заняткаў]. Але я ж не мог пярэчыць патрабаванню суда аб арышце, маўляў, прабачце, у мяне ж праца, як гэта вы мяне арыштуеце? — іранізуе Віктар.

“Это не волна, а бесконечный поток”: новые репрессии в белорусских вузах
Віктар Іванчанка / "УКантакце"

Пасля спагнання мужчыну пазбавілі надбавак. У адказ выкладчык падаў у суд на БНТУ. Каб паспець на пасяджэнне, яму давялося крыху раней пайсці з адной з пар. Гэта стала падставай для дысцыплінарнага спагнання за адсутнасць на рабочым месцы.

— Надбаўкі складалі амаль траціну майго заробку. Адна надбаўка прыкладна 400 рублёў, другая прыкладна 70, — тлумачыць Іванчанка. — Прызначылі суд — у дзень, калі ў мяне стаялі лабараторныя работы. Заняткі я правёў, але пайшоў з канца пары — на 25 хвілін раней. Студэнтаў вымушаны быў пакінуць таму, што адміністрацыя мне не паставіла наўмысна замену. І тое я ж правёў занятак. Тым больш у мяне ж была позва, і я па гэтай позве пайшоў у суд.

Пасля таго як я прайграў суд, пачалася ўся гэта каніцель. Яны адчулі, што могуць рабіць што заўгодна, і вось узялі і звольнілі мяне. Судзіцца я працягваю і цяпер. Зараз буду падаваць на маё незаконнае звальненне.

Віктар кажа, што звальняцца яму прапаноўвалі чатыры разы. Але па ўласным жаданні рабіць гэтага ён не захацеў, і канструктыўнай размовы з адміністрацыяй не атрымалася.

— Рэктар цяпер не бярэ наогул ніякага ўдзелу, усё вырашае першы прарэктар Вяршына. "У гонар мяне" нават збіралі экстраннае пасяджэнне кафедры. Сказалі, вось які дрэнны ў нас супрацоўнік. Але кафедра за мяне заступілася.

“Это не волна, а бесконечный поток”: новые репрессии в белорусских вузах
Першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына / sb.by

Калі стала вядома пра звальненне, студэнты падтрымалі свайго выкладчыка. Не засталіся ўбаку і калегі.

— Я працаваў дзеля студэнтаў, і студэнты гэтыя рэчы добра бачаць. Падтрымка моцная, яны мяне засыпалі эсэмэскамі, паштоўкамі. Ад выкладчыкаў падтрымка таксама ёсць, але час цяпер няпросты. У нас усё-ткі выкладчыкі немаладога ўзросту, і ніхто не хоча выступаць, таму што гэта можа пацягнуць негатыўныя наступствы.

Цяпер законных падстаў, на якіх цябе можна пазбавіць надбавак і прэмій, куча. Дый для некаторых гэта адзінае месца працы, якое калі яны страцяць, то малаімаверна, што іх ужо кудысьці возьмуць, — тлумачыць экс-выкладчык. — У прынцыпе, мне з маімі ведамі і досведам знайсці працу наогул не цяжка. Прычым я ведаю, што нармальныя працадаўцы нават не глядзяць на "народны" артыкул, трактоўку яго ўжо ўсе даўно ведаюць.

Не звольнілі, але пагроза ёсць

7 сакавіка стала вядома пра тое, што з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама звольнілі доктара гістарычных навук, этнографа Уладзіміра Лобача. Аднак сам Уладзімір гэту інфармацыю пакуль не пацвярджае.

— Я не бачыў яшчэ загада, не магу нічога канкрэтнага сказаць. Хутчэй за ўсё, звальняюць, але пра гэта лепш гаварыць па факце. Хоць такая пагроза ёсць, і яна зусім рэальная, — мяркуе Уладзімір.

“Это не волна, а бесконечный поток”: новые репрессии в белорусских вузах
Уладзімір Лобач / фэйсбук

Адкуль ідзе пагроза звальнення? Ёсць нейкі канфлікт?

— Канфлікт не столькі ў рамках універсітэта. Хутчэй, гэта праз маю пазіцыю. А пазіцыя такая: свабодная дэмакратычная Беларусь. Проста ёсць вонкавыя і больш высокія сілы, якія ў гэтым [працэсе звальнення. — Еўрарадыё] задзейнічаныя.

Ці магла неяк паўплываць на магчымае звальненне пазіцыя новага рэктара ўніверсітэта Алега Раманава?

— Як чалавека я яго [Раманава. — Еўрарадыё] не ведаю. Не ведаю яго як рэктара і як навукоўца, ён для мяне ў прынцыпе невядомы чалавек. Але зразумела, што ў цяперашнія часы ставяць людзей для таго, каб яны выконвалі загады.

“Это не волна, а бесконечный поток”: новые репрессии в белорусских вузах
Рэктар ПДУ Алег Раманаў / vitvesti.by

Уладзіміра Лобача не здзіўляе тое, што з БНТУ 7 красавіка быў звольнены адзін з выкладчыкаў з грамадзянскай пазіцыяй, якая адрозніваецца ад пазіцыі ўладаў.

— Я б не сказаў, што гэта хваля рэпрэсій. Усё гэта ідзе сістэмна, і гэта не хваля, а хутчэй бясконцая плынь звальненняў. І каго гэта плынь забярэ сёння-заўтра — абсалютна невядома.

Кантракт ва Уладзіміра заканчваецца няхутка, і, з яго слоў, афіцыйных важкіх прычын для звальнення няма.

— Зразумела, што за грамадзянскую пазіцыю не звольняць. Але могуць знайсціся іншыя фармулёўкі. Заўсёды ёсць заўвагі працоўнага характару, і гэта нармальна. Але гэта відавочна не тыя заўвагі, якія могуць стаць прычынай такога сур'ёзнага кроку, як звальненне.

Лобач 27 гадоў прапрацаваў на гісторыка-філалагічным факультэце ПДУ — з моманту заснавання факультэта. Ён стаў адным з гісторыкаў, якія падпісалі ліст у абарону бел-чырвона-белага сцяга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі